Добрыя справы «Сафіі»

7.08 034      Прадстаўнікоў міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Сафія» са Злучаных Штатаў Амерыкі ў Багушэўскай абласной туберкулёзнай бальніцы сустракалі як дарагіх гасцей. Мэтай візіту Дона і Лінды Джэнкінс, выканаўчага дырэктара дабрачыннага аб’яднання Сяргея Зубовіча стала завяршэнне аднаго з трох гуманітарных праектаў, што былі рэалізаваны сёлета на Віцебшчыне.

7.08 013Дзякуючы амерыканскім валанцёрам установа аховы здароўя за апошнія два гады істотна папоўніла сваю матэрыяльную базу. У 2012 го­дзе за кошт гуманітарнай дапамогі было закуплена абсталявання на агульную суму звыш 379 млн рублёў, у тым ліку 340 медыцынскіх ложкаў, сушыльная машына для пральні, бытавыя прыборы для кухні. Гэта адзін з буйнейшых праектаў, рэалізаваных аб’яднаннем на Віцебшчыне. Тым не менш супрацоўнітцва тады не скончылася. «У час чарговага візіту ў студзені бягучага года мы даведаліся, у чым яшчэ мае асаблівую патрэбу бальніца. Аказанне дапамогі было вырашана працягнуць», — расказвае Сяргей Зубовіч. Такім чынам сёлета на спонсарскія сродкі валанцёраў (а гэта звыш 127 млн рублёў) былі набыты прамысловая пральна-адціскальная машына на 18 кг бялізны, а для рэнтгенаўскага кабінета — абсталяванне для апрацоўкі рэнтгенаўскіх здымкаў. Акрамя таго, плануецца яшчэ паступленне 20 стулаў.

         7.08 019         Дон і Лінда — пенсіянеры, маюць траіх дзяцей і 11 унукаў. Год назад яны прамянялі свой родны горад у штаце Каларада на невядомую тады для іх Беларусь, каб займацца валанцёрскай дзейнасцю. У прыватнасці, яны курыруюць праекты, якія ажыццяўляе «Сафія». А іх за мінулы год было рэалізавана па ўсёй краіне 24.

Гуманітарная праграма МДГА «Сафія» спансіруецца Гуманітарнай службай Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён і існуе на добраахвотныя ахвяраванні вернікаў, якіх налічваецца каля 15 мільёнаў па ўсім свеце. Звычайна, гэта невялікія сумы ўласных сродкаў. Але калі яны акумулююцца, агульная колькасць атрымліваецца важкай і дазваляе ажыццяўляць гуманітарную дзейнасць.

Для Багушэўскай туббальніцы гэта ўжо другі па ліку праект. Галоўны ўрач Наталля Лясная суправа­джае іншаземных гасцей у рэнтген-кабінет. Яго загадчык Сяргей Любко і рэнтгенлабарант Ірына Лагунова з задавальненнем дэманструюць новую праявачную машыну ў дзеянні. Дзеля гэтага спадар Зубовіч нават прайшоў флюараграфію. Вердыкт урача быў адназначным — лёгкія чыстыя. Вынесці яго мог і неспецыяліст — настолькі выразным выйшаў здымак. Не трэба лішні раз тлумачыць, што ад якасці рэнтгенаўскіх здымкаў залежаць  прызначэнні для лячэння пацыентаў бальніцы.

7.08 027    Валанцёры распыталі пра работу новага абсталявання  супрацоўніц пральні. Дарэчы, цікавае супадзенне: з устаноўкай новай пральнай машыны дзве старыя па розных прычынах зламаліся. Таму «навічку» давялося мыць, як кажуць, за трох. Гэта выпрабаванне машына вытрымала бездакорна.

На развітанне валанцёры пажадалі поспехаў калектыву туббальніцы. Гэта быў апошні праект, які аб’яднанне рэалізавала для медыцынскай установы.

— «Сафія» не з’яўляецца пастаянным спонсарам той ці іншай установы і не займаецца спонсарскай дзейнасцю. Наша мэта — рэалізацыя гуманітарных праектаў, накіраваных на дапамогу як мага большай колькасці лю­дзей ва ўсім свеце, — тлумачыць Сяргей Зубовіч.

7.08 022     На памяць і ў знак сяброўства Дон і Лінда Джэнкінс наклеілі эмблемы сваёй арганізацыі на новае абсталяванне.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.