Прайшло пасяджэнне раённай камісіі садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацый.

 25 июля 003У пашыраным фармаце, з удзелам святароў усіх рэлігійных канфесій, што зарэгістраваны на Сенненшчыне, прадстаўнікоў органаў  улады быў абмеркаваны шэраг пытанняў, што тычацца ўзаемадзеяння ў вырашэнні дэмаграфічных праблем, прафілактыкі п’янства і наркаманіі, хатняга насілля, аказання медыка-сацыяльнай і духоўнай дапамогі хворым, інвалідам, сацыяльна ўразлівым слаям насельніцтва.

Да Бога, як і да ўлады, людзі па-ранейшаму звяртаюцца  тады, калі ім дрэнна, калі патрэбна дапамога. У астатнім грамадства за апошнія гады прыкметна змянілася. І што асабліва хвалюе, змянілася не ў лепшы бок. Размыліся маральна-духоўныя арыенціры, парушыліся сямейныя каштоўнасці, у аснове якіх ляжалі нацыянальныя і хрысціянскія каштоўнасці, што ў выніку стала першаасновай для многіх сацыяльных праблем. Напрыклад, на Сенненшчыне ў сацыяльна-небяспечным становішчы знаходзіцца 110 дзяцей з 61 сям’і. Пераважна з тых, дзе бацькі злоўжываюць алкаголем. Усё выразней праблема ўжывання моладдзю наркатычных сродкаў.

Ёсць і некаторыя дасягненні. У цэлым сенненцы сталі менш ужываць алкаголю, ва ўсякім разе набываць яго ў гандлёвай сетцы раёна. Менш  стала паміраць людзей ад знешніх прычын. Дае станоўчыя вынікі дзяржаўная палітыка, накіраваная на падтрымку біялагічных, шматдзетных, прыёмных сямей.

У час пасяджэння камісіі былі названы такія факты: у 2008 годзе ў раёне перарвалі цяжарнасць 80 жанчын, у апошнія гады гэта робяць адзінкі. Дакладней, вымушаны гэта рабіць па медыцынскіх паказчыках. У сем’ях больш стала нараджацца дзяцей другіх, трэціх па ліку.

Грамадства таксама зацікаўлена ў паляпшэнні дэмаграфіі. У гэтым накірунку працуюць валанцёры, члены грамадскіх арганізацый, вернікі. Традыцыйна, напярэдадні новага года і Каляд у маламаёмасныя сем’і прыходзіць не толькі школьны Дзед Мароз, але і з пратэстанцкіх, каталіцкіх, праваслаўных цэркваў. Ён прыносіць традыцыйныя падарункі ў выглядзе цукерак, цацак. Адначасова арганізоўваюцца  размовы пра вечныя духоўныя каштоўнасці, даносяцца азы ведаў пра Ісуса Хрыста і яго вучэнне. Не першы год пры Багушэўскай СШ №1 у малодшых і сярэдніх класах працуе факультатыў, дзе выкладаюцца асновы праваслаўнай культуры. Фактычна пры кожнай праваслаўнай, пратэстанцкай цэрквах створаны для дзяцей ня­дзельныя школы. У Багушэўскай школе-інтэрнаце для дзяцей  з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця даўно і актыўна працуюць валанцёры — вернікі пратэстанцкіх цэркваў. Гэта і іх заслуга, што за апошнія гады некаторыя выхаванцы ўстановы адноўлены ў сацыяльных правах. На думку Міхаіла Ермашкевіча, святара свята-троіцкай парафіі рыма-каталіцкага веравызнання, любоў да малой радзімы можа ўтрымаць людзей на зямлі продкаў, спыніць адток маладых людзей з мясцін, дзе яны нарадзіліся. І гэта не толькі словы. Касцёл фундаваў грошы на выданне апошняй кнігі сенненскага краязнаўцы Васіля Бандарэвіча. Аб новых падыходах у рабоце з насельніцтвам расказаў Павел Дзямідчык, прасвітар царквы хрысціян-баптыстаў «На­дзея». Гэтым летам пры ёй створаны лагер для сямейных пар, які атрымаў назву «Эдэм». Пажыць у «раі» вернікі-баптысты запрашаюць не толькі братоў і сясцёр у Хрысце.

Падводзячы вынікі работы камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна падкрэсліла: «Супрацоўніцтва ўлад, цэркваў, накіраванае ў першую чаргу на вырашэнне праблем, вытокі якіх у нізкім узроўні духоўнасці, вітаецца і падтрымліваецца. Зыходзячы з рэалій сённяшняга дня яго трэба скіраваць на работу з канкрэтнымі сем’ямі і асобамі».

Завяршылася пасяджэнне камісіі ў будынку царквы «Надзея» хрысціян-баптыстаў, дзе размова па азначанай тэме працягвалася. Да яе далучыліся вернікі, якія непасрэдна працуюць з людзьмі, што маюць патрэбу ў маральнай і духоўнай падтрымцы.

НА ЗДЫМКУ: члены камісіі і святары розных рэлігійных канфесій на тэрыторыі царквы «Надзея».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *