Узяць нахрапам, альбо некалькі эпізодаў з жыцця махляра

ГС Калі нельга,  але вельмі  хочацца, то можна. Гэты выраз кожны з нас чуў неаднойчы. І не толькі чуў, але і паўтараў. А вось рэалізаваць падобнае на практыцы дазваляюць сабе нямногія.

… Арцём Завіруха (імёны і прозвішчы тут і далей зменены) у той вечар да аднаго са сваіх знаёмых завітаў невыпадкова. Ведаў, у яго гасцюе Іван Бяляўскі, які толькі што вярнуўся з Расіі. Арцём спадзяваўся пазычыць грошай у гастарбайтэра. Ды не атрымалася. Іван Бяляўскі быў настолькі п’яны, што нічога не разумеў. А галоўнае, у яго кішэнях ніякіх грошай не было. Затое ляжаў пашпарт. Яго Завіруха і прыхапіў.

Навошта? Пакуль што махляр не ведаў. Ідэя выспела праз некалькі дзён, калі даведаўся, што грошы, заробленыя ў Расіі, Іван Бяляўскі перадаў на захаванне сястры. Хутка да яе і накіраваўся аматар лёгка пажывіцца.

— Дзень добры, цётачка, — павітаўся Арцём Завіруха з жанчынай, якая з недаверам сустрэла невядомага госця. — Справа ў мяне да вас далікатная, — працягваў свой маналог госць. — Іван пазычыў мне 10 тысяч расійскіх рублёў, прасіў, каб вы перадалі іх мне. Не верыце? Дык вось пашпарт Іванаў у доказ.

Але жанчына адмоўна заківала галавой. І на тым стаяла, колькі Арцём Завіруха не плёў ёй пра сяброўства, узаемадапамогу.

Няўдача засмуціла, аднак не спыніла злачынныя намеры сенненца.  Хутка ў яго галаве з’явіўся новы план, як завалодаць чужымі грашыма. Ужо назаўтра Арцём Завіруха з’явіўся па вядомым адрасе. Ды не адзін, а з Іванам Бяляўскім. На гэты раз махляр меў на руках тры сувенірныя купюры, па 100 еўра кожная, якія, як вядома, не з’яўляюцца сродкам плацяжу. Тым не менш, выдаўшы іх за сапраўдныя банкноты, Іван Завіруха завалодаў 10 тысячамі рублёў Нацыянальнага банка Расійскай Федэрацыі, што на момант здзяйснення злачынства складала 2895000 беларускіх рублёў, ці 22,2 базавыя велічыні. Неўзабаве  махляр распарадзіўся імі па ўласным меркаванні.

Калі злачынства было выяўлена, а злачынец паўстаў перад судом, Арцём Завіруха не хаваў —  вінаваты я, каюся, больш не буду. Пры вынясенні прыгавору суд улічыў і той факт, што падсудны вярнуў пацярпеламу грошы, а таму, прызнаўшы Арцёма Завіруху вінаватым у пакушэнні на завалоданне маёмасцю шляхам падману (махлярства), і ў завалоданні маёмасцю шляхам махлярства, здзейсненым паўторна, суд прыгаварыў яго на падставе ч. 1 арт. 209 да пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год, на падставе ч.2 арт. 209 — на два гады. Пры гэтым суд прыгаварыў не прыводзіць да выканання прысуд, калі на працягу выпрабавальнага тэрміну ў адзін год асуджаны не здзейсніць новага злачынства.

Здавалася б, вось ён шанц, пачаць 6 сакавіка 2014 года, калі быў вынесены прыгавор, жыццё з чыстага ліста. Ды вось бяда, у канцы таго ж месяца пра сябе далі знаць ранейшыя злачынствы.

Купіць тэлевізар з растэрміноўкай плацяжу сёння можна фактычна ў любым магазіне, які гандлюе гэтым таварам. Сенненец Арцём Завіруха восенню 2013 года за пакупкай паехаў у Віцебск. Па  месцы жыхарства тавар з растэрміноўкай плацяжу ён не набыў бы. Арцём нідзе не працаваў. І схаваць гэты факт у невялікім горадзе немагчыма.

У магазіне ЗАТ «Вулкан», што па вуліцы П.Броўкі ў Віцебску, Арцём Завіруха ўзяў бланк даведкі аб заработнай плаце  і накіраваўся з ім у ПУП «Алімпус», дзе папрасіў знаёмага, які тут працаваў, запоўніць бланк. У іншым кабінеце офіса прадпрыемства паставіў пячатку. За дырэктара і галоўнага бухгалтара падпісаў уласнаручна. Пасля гэтага бланк ператварыўся ў дакумент, з якім Завіруха, як вадзіцель «Алімпуса» з заробкам 5536814 беларускіх рублёў у суме за тры месяцы, зноў накіраваўся ў магазін ЗАТ «Вулкан». Пасля афармлення іншых неабходных у такім выпадку дакументаў атрымаў тэлевізар з растэрміноўкай плацяжу на тры месяцы.

Прыгавор суда Першамайскага раёна Віцебска Арцём Завіруха  пачуў у канцы сакавіка бягучага года, згодна з якім ён прызнаны вінаватым у саўдзельніцтве ў падробцы афіцыйнага дакумента, а таксама ў выкарыстанні заведама падложнага дакумента. Артыкулы,  па якіх  Завіруха пакараны, не прадугледжваюць суровага пакарання. Затое ўступіў у сілу прыгавор суда Сенненскага раёна, па якім, нагадаем,  Арцём Завіруха атрымаў адтэрміноўку выканання прыгавору. Шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім канчаткова нашаму земляку назначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады. Прыгавор не будзе выконвацца, калі на працягу аднаго года ён не здзейсніць новае злачынства.

Людміла КАЦУРА,

суддзя суда Сенненскага раёна. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *