На Сенненшчыне ўладкавана на працу больш за 220 падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў.

1.08 003Сфарміравана 15 атрадаў, якія аказваюць пасільную дапамогу арганізацыям раёна. «Гэта адзін з лепшых паказчыкаў па летняй часовай занятасці ў вобласці», — сцвярджае першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Марына Наваковіч. Разам з ёй мы пабывалі на аб’ектах, дзе заняты юныя сенненцы.

Хлопцам, якія працуюць на аптова-гандлёвай базе райспажыўтаварыства, нават пагутарыць з намі некалі. Адну машыну трэба разгрузіць, другую, наадварот, загрузіць. А пры неабходнасці яшчэ дапамагчы развезці тавар па магазінах. Не адна сотня кілаграмаў садавіны, гародніны прайшла праз іх рукі.

Выпускнік Сенненскай школы-інтэрната 17-гадовы Андрэй Разумаў у грузчыках ходзіць больш за месяц. На днях атрымаў свой першы заробак. Зарплата грузчыка складае ад 2,5 млн рублёў. Грошы для юнака, згадзіцеся, неблагія. Для Андрэя яны будуць добрай падмогай ва абуладкаванні самастойнага жыцця. Хлопец паступіў у Наваполацкі прафесійны ліцэй будаўні­коў, дзе бу­дзе асвойваць спецыяльнасць плітачніка.

Працуе грузчыкам і вучань 11 класа СШ №2 г.Сянно Аляксандр Маханькоў (на здымку).

Штогод Сенненскае райспажыўтаварыства працаўладкоўвае звыш 20 падлеткаў. Хлопцы пераважна ідуць у грузчыкі, дзяўчаты працуюць памочнікамі прадаўцоў.

Актыўны ўдзел прымае моладзь і ў вырашэнні самай галоўнай у аграпрамысловым комплексе задачы — уборцы і перапрацоўцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур. Маладыя людзі заняты пераважна рознарабочымі на збожжатаках. Заробак складае ад 2 млн рублёў.

На зернетаку в.Крыль­цова ААТ «Сенне­нскі райаграсэрвіс» падлеткі шчыруюць на напольнай сушылцы. Сярод іх Дзмітрый Бераснеў, вучань 29-ай школы Віцебска. На канікулы хлопец прыехаў у райцэнтр да бабулі, але па прыкладзе сяброў-месцічаў вырашыў пайсці працаваць.  Першы сезон заняты на  сушылцы вучань  СШ№1 г.Сянно Стас Галынчык. Другое лета запар «пералапачвае» зерне новага ўра­джаю Мікіта Котаў, дзевяцікласнік гэтай жа школы.

Уладкоўвацца на працу сенненскай моладзі дапамагае раённы камітэт ГА «БРСМ». Перавага над самастойным пошукам вакансій відавочная. У гэтым выпадку падаходны падатак памяншаецца ўдвая. Замест 8% з зарплаты вылічваецца толькі 4%.

Ды і працоўнае месца самому шукаць не прыйдзецца. «Райкам выступае пасрэднікам паміж наймальнікамі і падлеткамі: знаходзім вакансіі, сочым за правільнасцю налічэння аплаты за працу, праводзім рэйды, каб даведацца аб умовах працы і адпачынку нашых работнікаў», — расказвае Марына Наваковіч.

Працоўны семестр на Сенненшчыне, тым часам, працягваецца. На днях да вучнёўскіх атрадаў дабавіўся студэнцкі. Дапамагаць СУП «Саўгас імя Машэрава» прыехалі навучэнцы Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава. Райкам БРСМ рыхтуе  дагаворы  ААТ «Бяленева» і «Студзёнка» са студэнтамі і школьні­камі на ўборку караняплодаў у асенні перыяд.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.