«Кукушкіна шчасце”

— Чаму вы не на працы?

 — Мяне не пускаюць туды.

 — Хто не пускае?

 — Дырэктар.

 — Чаму? Запіла, напэўна?

 — Ну, было трохі…

 Падобныя дыялогі прывычныя для тых, хто кантралюе абавязаных асоб.  У нядаўнім мінулым, пазбаўляючы гора-матуль і татаў бацькоўскіх абавязкаў, дзяржава вызваляла  ад клопатаў пра дзяцей, браўшы іх на сябе. З прыняццем Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 бацькі павінны вы­плач­ваць дзяржаве грошы, якія ідуць на выхаванне іх сыноў і дачок. Толькі працаваць многія з іх не хочуць.

 Самае жудаснае, што сярод абавязаных асоб шмат маладых жанчын, якім няма яшчэ і трыццаці год. Чым занятыя гора-матулі, вырашылі высветліць намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх  райвыканкама Наталля Рыбчанка, інспектар ІПН Сяргей Трыбуль і начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Марына Наваковіч. Мы ж вам раскажам самыя «яскравыя» гісторыі жанчын-кукушак. 

   У райвыканкам паступіла скарга ад жыхароў завулка Чырвоны Кастрычнік. У доме №4, кв.1 не першы дзень збіраюцца «сябры па бутэльцы». Пражывае тут 21-гадоваяТаццяна Мялешка. Ня­гле­­дзячы на маладосць, жыццёвы вопыт мае вялікі. Паспела нарадзіць дзіця, у адносінах да якога  ўжо пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Працаваць ніколі не хацела. Займалася толькі наладжваннем асабістага жыцця. Таму і пакідала немаўля на чужых, а сама магла знікнуць на некалькі дзён. Пасля таго, як яе пазбавілі бацькоўскіх правоў, змяненняў не адбылося.

 На парозе вышэйназванага дома рэйдавую групу ніхто не сустрэў. Прыняўшы моцныя напоі, госці і гаспадары мірна спалі. На падлозе — недапітая бутэлька, рэшткі закускі… Акно расчынена на ўсю. (Аўт.: — Хутчэй за ўсё, праз яго і хадзілі «госці». На дзверы можна павесіць замок, быццам нікога няма дома, і са спакойнай душой працягваць застолле). Разагнаць кампанію хутка не атрымалася. Мужчыны ледзь трымаліся на нагах, але пакідаць цёпленькае месцейка не жадалі.

 Юлія Кукушкіна пазбаўлена правоў у адносінах да двух дзяцей. Злоўжывала спіртнымі напоямі, магла пакінуць малышоў на некалькі дзён без нагляду. Калі дзетак упершыню забралі ў сацыяльны прытулак, жанчына апамяталася: навяла парадак у кватэры, перастала піць. Ужо праз паўгода дзеці зноў жылі з маці. Толькі шчасце было нядоўгім. Праз год Юлія зноў запіла. У жніўні 2010 года жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў. Цяпер яна з’яўляецца абавязанай асобай. Але працаваць і выплачваць грошы на дзяцей не збіраецца. Сёння яе запазычанасць перад дзяр­жавай складае больш за 2 мільёны беларускіх рублёў.

Знайсці Кукушкіну ўдзельнікі рэйда не змаглі. У інтэрнаце, дзе жанчына жыла раней, яе даўно ніхто не бачыў. Затое з новымі кавалерамі сустракалі неаднойчы.

 Сёння ў нашым раёне 13 жанчын ва ўзросце да 31 года з,яўляюцца абавязанымі асобамі. Большасць з іх нідзе не працуюць, вядуць разгульны лад жыцця. Кавалераў мяняюць часта і не задумваюцца пра тое, што чужыя людзі выхоўваюць іх дзяцей. Жанчыны-кукушкі — так называюць іх у наро­дзе. Яны, як і аднайменныя птушкі, падкідваюць сваіх малышоў іншым. Толькі  птушкі робяць гэта інстынктыўна. А як растлумачыць падобныя паводзіны жанчын?!

Дар’я  Багданоўская.

 НА ЗДЫМКАХ: так жыве Т.Мялешка.