Что прописана в брачном договоре?

ГСБудучыя муж і жонка, калі бяруць шлюб, упэўнены, што пражывуць доўга ў любві, міры і згодзе. Аднак на жыццёвым шляху магчымы канфлікты,  праблемы. І тыя,  хто не ў стане іх вырашыць, касуюць шлюб, дзеляць маёмасць, вырашаюць пытанні, звязаныя з утрыманнем і выхаваннем дзяцей.

         Далёка не кожнаму вядома, што практычна ўсе сямейныя праблемы, якія могуць узнікнуць пры скасаванні шлюбу, можна вырашыць загадзя.

                Пра тое, як гэта зрабіць, чытачам «ГС» расказвае загадчыца натарыяльнай канторы Сенненскага раёна Марыя ФЁДАРАВА:

— Для гэтага можна заключыць шлюбны дагавор. У арт.13 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і сказана, што такі дагавор заключаецца ў мэтах умацавання шлюбу і сям’і, павышэння культуры сямейных адносін, усведамлення мужам і жонкай сваіх правоў і абавязкаў, адказнасці за дзяцей і адно за аднаго.

Шлюбны дагавор забяспечвае абарону правоў і законных інтарэсаў тых, хто яго заключае, дапамагае ўрэгуляваць магчымыя спрэчкі і канфлікты, перш за ўсё, маёмаснага характару. Добраахвотна ўрэгуляваўшы дагаворам свае ўзаемаадносіны, муж і жонка ў выпадку скасавання шлюбу мінімізуюць адміністратыўнае і судовае ўмяшанне ў пытанні жыцця сям’і, што дазволіць ім і іх дзецям пазбегнуць дадатковых маральных і фізічных пакут.

У мінулым годзе ў нашай натарыяльнай канторы былі заключаны 4 шлюбныя дагаворы. Умовы дагавораў у асноўным тычыліся нерухомай маёмасці.

— Заключыць шлю­бны дагавор могуць толькі маладажоны, якія бяруць шлюб?

— Заключэнне дагавора магчыма незалежна ад часу знаходжання ў шлюбе. Скласці дагавор могуць, нават  патэнцыяльныя муж і жонка. Пры гэтым права на заключэнне шлюбнага дагавору не мае на ўвазе далейшае абавязацельства з боку мужчыны і жанчыны ўзяць шлюб, у сілу дагавор уступае толькі з дня рэгістрацыі шлюбу органамі ЗАГС.

— Якія пытанні можна агаварыць у шлюбным дагаворы?

— Можна прадугле­дзець пагадненні аб сумеснай маёмасці і асобнай маёмасці мужа і жонкі, формах, метадах і сродках выхавання дзяцей. На выпадак скасавання шлюбу можна агаварыць парадак раздзелу сумеснай маёмасці, матэрыяльныя абавязацельствы ў адносінах адно да аднаго, месца пражывання дзяцей, размер аліментаў на іх, парадак зносін з дзецьмі асобна пражываючага аднаго з бацькоў, іншыя пытанні ўтрымання і выхавання дзяцей.

Шлюбным дагаворам могуць быць урэгуляваны і іншыя моманты ўзаемаадносін паміж мужам і жонкай, калі гэта не супярэчыць заканадаўству аб шлюбе і сям’і.

— Гэта значыць, што любыя ўмовы ў шлюбным дагаворы прапі­саць нельга?

— Так. Напрыклад, умовамі дагавора нельга абмяжоўваць праваздольнасць і дзеяздольнасць ні мужа, ні жонкі. Забараняецца змяншэнне ўстаноўленых законам аліментаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей і пазбаўленне права атрымання ўтрымання недзеяздольным (мужам ці жонкай), які мае патрэбу ў дапамозе. Незаконнымі будуць умовы шлюбнага дагавора па атрыманні ў спадчыну маёмасці мужа ці жонкі. Існуюць і іншыя выпадкі абмежаванняў, прадугледжаныя заканадаўствам.

— Што яшчэ трэба ведаць тым, хто вырашыў заключыць шлюбны дагавор?    

— Дагавор павінен быць састаўлены ў пісьмовай форме і засведчаны ў натарыуса. У ім можна ўказаць канкрэтныя ўмовы ўзнікнення абавязацельстваў па дагаворы (напрыклад, скасаванне шлюбу), перыяд дзеяння дагавора (напрыклад, на працягу 10 гадоў) ці падставы спынення асобных абавязацельстваў.

Пры заключэнні шлюбнага дагавора нельга дзейнічаць праз прадстаўніка. Пры яго падпісанні патрабуецца асабісты ўдзел бакоў. У гэты дакумент на працягу жыцця ў шлюбе могуць быць унесены змяненні па згодзе мужа і жонкі. Пры невыкананні дагаворных абавязацельстваў  бакамі, яны могуць панесці прадугледжаную законам адказнасць. У любы момант па ўзаемнай згодзе муж і жонка могуць скасаваць шлюбны дагавор ці прадугледзець абставіны, пры надыходзе якіх дагавор падлягае скасаванню. Ён можа быць скасаваны судом па патрабаванні аднаго з бакоў, калі абставіны з моманту заключэння дагавора істотна змяніліся.

 Гутарыла

Таццяна Буракова.