Нядаўна ў Сенненскай раённай бібліятэцы прайшла сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Расіі, паэтам Мікалаем Траццяковым, многія вершы якога прысвечаны Беларусі, яе прыродзе.

24.07 010 Па словах Мікалая Афанасьевіча, сама беларуская зямля з’яўляецца натхніцелькай яго творчасці.

З Беларуссю жыхара Санкт-Пецярбурга звязвае многае. Тут пачынаў сваю ваенную службу яго бацька, які прайшоў тры вайны; ураджэнка Беларусі жонка паэта…

У Сянно Мікалай Траццякоў прыехаў не ў першы раз. Таму большасць з прыйшоўшых на сустрэчу былі знаёмы з ім і з яго творчасцю. У бібліятэцы ёсць кнігі паэта «Светлый край журавлей», «Цвет краснотала» і іншыя.

Мікалай Афанасьевіч расказаў прыхільнікам яго творчасці пра тое, што адбылося за апошні час у яго жыцці. Падзяліўся ўражаннямі ад святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь, на якіх ён сёлета прысутнічаў. Вялікае ўражанне атрымаў Мікалай Афанасьевіч і ад наведвання «Лініі Сталіна», музея Вялікай Айчыннай вайны. «Я вельмі паважаю беларускі народ за тое, што ён памятае сваю гісторыю, ушаноўвае памяць пра герояў сваёй зямлі, за гасціннасць і дабрыню», — шчыра прызнаўся расіянін.

Многія вершы Мікалая Траццякова пакладзены на музыку, у тым ліку і беларускімі кампазітарамі. Рыхтуецца да выхаду ў свет альбом песень. Адну з іх аўтар выканаў для ўдзельнікаў сустрэчы. Галіна Бандарэвіч, акампаніятар Сенненскага народнага хору ветэранаў, у сваю чаргу «падарыла» госцю цудоўныя беларускія этнаграфічныя музычныя творы ў сваім выкананні.

Расійскі паэт, які піша пра Беларусь, прадставіў свой новы зборнік вершаў «Когда ложацца росы» і падарыў яго бібліятэцы. Сенненскія прыхільнікі творчасці Мікалая Траццякова сталі першымі чытачамі гэтай кнігі.

 Таццяна Буракова

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *