Невядомыя салдаты «стогадовай» вайны

DSC_0086 Сёлета адзначаецца 100-годдзе адной з самых трагічных дат у гісторыі чалавецтва. 1 жніўня 1914 года, кайзераўская Германія абвясціла аб пачатку ваенных дзеянняў супраць Расіі. Так пачалася Першая сусветная вайна, якая працягвалася да 11 лістапада 1918 года. У ваенны канфлікт сусветнага маштабу былі ўцягнутыя 38 дзяржаў. За чатыры гады вайны загінулі больш за 10 млн чалавек, звыш 20 млн — атрымалі раненні і калецтвы.

Беларусь стала арэнай крывавых дзеянняў са жніўня 1915 года. Найбольш жорскія баі вяліся ў заходніх рэгіёнах: Смаргонь, Мядзель, Баранавічы… Фронт Першай сусветнай вайны стаяў на беларускай зямлі каля 2,5 гадоў. Ён пакінуў дзясяткі могілак, помнікаў, дотаў, бліндажоў…

Непадалёк ад Сянна, на ўзгорку, які месцічы называюць Салдацкай горкай, стаіць сціплы чырвоны абеліск, усталяваны ў гонар рускіх воінаў, што загінулі ў гады Першай сусветнай вайны на тэрыторыі раёна.

Пасля кастрычніцкіх падзей 1917 года фронт падышоў да нашага горада практычна ўшчыльную — дэмаркацыйная лінія знаходзілася ўсяго ў 7 кіламетрах ад мястэчка. Яе абараняў 303-і Сенненскі пяхотны полк, пазней перайменаваны ў 2-і Смаленскі. Хоць вялікіх баёў паміж рускімі і германскімі войскамі не вялося, здараліся асобныя перастрэлкі, у якіх таксама гінулі людзі. Іх хавалі на салдацкіх могілках. У савецкі час пахаванне ніяк не добраўпарадкоўвалася. Толькі ў 1997 годзе гісторыяй могілак зацікавіліся члены мясцовага клуба «Памяць». Менавіта іх намаганнямі і быў усталяваны гэты часовы помнік. Але, мабыць, няма нічога больш пастаяннага, чым часовае.

З нядаўняга часу з’явілася падстава лічыць, што гэта не адзінае пахаванне часоў Першай сусветнай вайны на Сенненшчыне. Аб чым сведчыць незвычайны экспанат, які ў гэты, што адметна, юбілейны год папоўніў фонд раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

Пачарнелую ад часу медную таблічку па праве можна назваць знаходкай стагоддзя. На тонкай прамавугольнай пласціне з фігурным аздабленнем у выглядзе картуша (упрыгожанне ў выглядзе дэкаратыўна акаймаванага шчыта або паўразгорнутага скрутка, на якім адлюстраваны герб, эмблема, надпіс), знойдзенай на полі паблізу вёскі Ульянавічы Багданаўскага сельсавета, утрымліваюцца звесткі пра воіна рускай арміі. Вось даслоўны тэкст:

«Ф.Г.Бирзынь 83 запасного полка первой роты Курляндской губернии.

Призванный 1910 го­да.

Умер 1916 года 18 ноября.»

Да слова, у 1916 го­дзе фронт знаходзіўся досыць далёка ад Сянна і праходзіў па лініі Дзвінск — Паставы — Смаргонь — Баранавічы — Пінск.

Няшмат вядома музейшчыкам пра асобу загі­нулага. Родам ён з Курляндскай губерні (туды ўваходзілі тэрыторыі сучасных Літвы і Латвіі) і, магчыма, па нацыянальнасці латыш. Што тычыцца месца службы — у той час існавала два 83 палкі: Самурскі 21 пяхотнай дывізіі і Сібірскі 21 Сібірскай стралковай ды­візіі. Невядома і званне воіна. Але, мяркуючы па тым, што памятная таблічка з надмагільнага помніка была зроблена дыхтоўна, можна казаць аб афіцэр­с­кім чыне. Дзе, як і ад чаго загінуў Ф.Бірзынь, на жаль, невядома. Невядомымі застаюцца і салдаты, пахаваныя на Салдацкай горцы. А колькі сенненцаў склалі свае галовы за межамі сваёй малой радзімы!

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара.