Міграцыйны паток з Украіны ў Беларусь закрануў і Сенненскі раён

ГСЗа чэрвень-ліпень 10 чалавек звярнуліся ў групу па грамадзянстве і міграцыі Сенненскага РАУС з хадайніцтвамі аб прадастаўленні  дазволу на пастаяннае пражыванне ў нашай краіне.

У асноўным гэта жыхары Данецкай і Днепрапятроўскай абласцей. У іх ліку сям’я з двумя непаўналетнімі дзецьмі.

Як паведаміла інспектар ГГіМ адзела ўнутраных спраў райвыканкама Таццяна Яўпак, усім ім быў дадзены дазвол на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь. У большасці выпадкаў падставай для яго атрымання стала наяўнасць родных (грамадзян Беларусі), якія пражываюць у Сенненскім раёне.

Яшчэ адной падставай для выдачы замежным грамадзянам дазволаў на часовае ці пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца працаўладкаванне або атрыманне спецыяльнага дазволу на занятак працоўнай дзейнасцю ў нашай краіне. Гэта права выкарысталі трое ўкраінцаў. Двое з іх цяпер працуюць у Віцебскай доследнай меліярацыйнай станцыі, яшчэ адзін заняты ў СУП «Саўгас імя Машэрава».

«У выпадку адсутнасці падстаў для знаходжання на беларускай тэрыторыі, замежны грамадзянін можа хадайнічаць аб прадастаўленні яму статусу бежанца. Для гэтага неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па грамадзянстве і міграцыі УУС Віцебскага аблвыканкама, якое знаходзіцца па адрасе: г.віцебск, праспект Фрунзе, д.41а», — паведаміла Таццяна Аляксандраўна.

Акрамя таго, яна расказала пра змены, якія прадугледжаны новай рэдакцыяй Закона «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь». Дакумент уступіў у сілу 12 ліпеня гэтага года.

У прыватнасці, цяпер за іншаземцамі, якія часова пражываюць у Беларусі, замацавана права ажыццяўляць разавую рэалізацыю тавараў на рынках і (або) іншых месцах, устаноўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, па спецыяльных дазволах.

Іншаземцы, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне, абавязаны рэгістравацца па месцы жыхарства і месцы знаходжання. За парушэнне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Іншаземцы, якія прыбылі ў пункт пропуску праз Дзяржаўную мяжу для выезду з Рэспублікі Беларусь, у выпадку адсутнасці ў іх дзеючай візы, могуць выкарыстаць дакумент для выезду за мяжу, але пасля прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь.

Часовае знаходжанне іншаземцаў у Рэспуб­ліцы Беларусь вызначаецца тэрмінам дзеяння выдадзенай візы і не можа перавышаць 90 сутак у каляндарным годзе з дня першага ўезду ў краіну.

Іншаземцы абавязаны на працягу 5 сутак, за выключэннем нядзелі, дзяржаўных святаў і святочных дзён, устаноўленых i аб’яўленых Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь непрацоўнымі, зарэгістравацца па месцы фактычнага часовага знаходжання.

Таксама новай рэдакцыяй Закона вызначана, што іншаземцы, якія часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь на падставе дагавора на аказанне паслуг у сферы агра­экатурызму і якія пражываюць у жылых памяшканнях, прадастаўленых суб’­ектамі аграэкатурызму, рэ­гіструюцца адпаведнымі суб’­ектамі аграэкатурызму. Ін­фармацыя аб гэтых грама­дзянах павінна паступіць у орган рэгістрацыі на працягу сутак з дня рэгістрацыі.

Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія аказваюць паслугі па здачы ў наём жылых памяшканняў, таксама на працягу сутак падаюць у орган унутраных спраў па месцы знаходжання названых жылых памяшканняў інфармацыю аб такіх асобах.

Усю  неабходную ін­фармацыю ў сферы прававога становішча замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь можна атрымаць у групе па грама­дзянстве і міграцыі ад­дзела ўнутраных спраў Сенненскага райвыканкама, звярнуўшыся асабіста альбо па тэлефоне 4-18-97.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.