Аператар кацельні РУП ЖКГ у час працоўнай змены не толькі адсутнічаў на рабочым месцы, але і незаконна здабываў рыбу, выкарыстоўваючы службовы аўтамабіль дырэктара прадпрыемства, на якім спрабаваў уцячы ад дзяржаўнага інспектара.

рыбаКалі на судзе жыхару вёскі Багданава Аляксею Гарбачэўскаму (імя і прозвішча зменены) зачыталі адміністрацыйны пратакол, складзены за парушэнне абзаца 2 падпункта 140.3 пункта 140 і абзаца 2 пункта 138 Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, а менавіта за здабычу рыбы забароненай прыладай рыбалоўства ў перыяд забароны на вылаў, вінаватым сябе ён не прызнаў. Больш таго, на працягу судовага працэсу правапарушальнік даваў непраўдзівыя сведчанні, спрабуючы пазбегнуць адказнасці. Не ўдалося.

Аляксея Гарбачэўскага затрымалі на вадаёме каля 18.00. А калі ён там з’явіўся, устанавіць у судзе не ўдалося. Дырэктар, службовы аўтамабіль якога Гарбачэўскі водзіць, знаходзіўся ў водпуску ў сувязі з часовай непрацаздольнасцю, непасрэдныя кіраўнікі вадзіцеля на рабочым месцы яго таксама не бачылі. Затое знахо­дзячыся на возеры, Гарбачэўскі не раз казаў — раніцай здабыча рыбы ішла больш удала. Гэтыя яго словы пацверджаны паказаннямі не аднаго сведкі. Што дакладна ўстанавіў суд — Аляксей Гарбачэўскі ў перыяд нерасту восцямі забіў пяць шчупакоў. Агульная іх вага склала 2 кілаграмы. За што з яго спагнана для кампенсацыі ўрону, нанесенага прыродзе, 1750000 рублёў. Акрамя таго, браканьер аштрафаваны за адміністрацыйнае правапарушэнне на суму 4500000 рублёў, што на момант накладання штрафу складала 30 базавых велічынь.

Так што рыбалка з парушэннем устаноўленых правілаў стала для Аляксея Гарбачэўскага даволі дарагім задавальненнем. Скажам больш, калі б ён здзейсніў падобнае адміністрацыйнае правапарушэнне пасля ўступлення ў сілу новых правілаў рыбалоўства, выдаткі яго былі б куды большыя.

Пры затрыманні Аляксей Гарбачэўскі не падпарадкаваўся законным патрабаванням дзяржаўнага інспектара абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, сеў у службовы аўтамабіль і спрабаваў на ім з’ехаць з месца здарэння. Такія дзеянні таксама не засталіся па-за ўвагай работнікаў праваахоўнай сістэмы і былі «ацэнены« штрафам у памеры 15 базавых ве­лічынь, што склала 2250000 рублёў.

Першую пастанову суда Сенненскага раёна Аляксей Гарбачэўскі паспрабаваў безвынікова аспрэчыць. З другой — пагадзіўся. Хочацца спадзявацца, што пры гэтым зрабіў для сябе і грамадства правільныя вывады. І не толькі ён, але і іншыя аматары лёгка пажывіцца на прыродных багаццях.

Людміла КАЦУРА,

суддзя суда Сенненскага раёна.