На час жніва ў раёне будзе арганізавана спаборніцтва сярод сельгасарганізацый і асобных катэгорый работнікаў

ГС Сумесны дакумент прыняты калегіяй упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і  прэзі­дыумам  раённага камітэта прафсаюза АПК.

Умовы спаборніцтва закліканы стымуляваць удзель­нікаў жніва на дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, а адміністрацыю сельгасарганізацый і прафкамы — на забеспячэнне для камбайнераў, іншых механізатараў, усіх работнікаў, занятых на ўборцы і перапрацоўцы збожжа, найлепшых і бяспечных умоў працы, арганізацыю гарачага харчавання, медыцынскага і культурнага абслугоўвання.

Вынікі спаборніцтва будуць падводзіцца штодзённа. І не толькі ў раёне, але і ў кожнай сельгасарганізацыі.

Згодна з палажэннем спаборніцтва праводзіцца па некалькіх намінацыях. У намінацыі «За павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне вытворчасці і продажу дзяржаве зерня» пераможцамі прызнаюцца тры сельгасарганізацыі, якія дасягнуць найбольшай ураджайнасці збожжавых культур з пасяўной і ўборачнай плошчаў, выканаюць заказ на пастаўку зерня для дзяржаўных патрэб, забяспечаць найбольшы прырост валавай вытворчасці зерня ў параўнанні з сярэднім узроўнем, дасягнутым за апошнія тры гады. Заяўка на ўдзел у спаборніцтве прымаецца ад тых гаспадарак, дзе зерневымі культурамі занята не менш за 800 га. У намінацыі «За павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне вытворчасці і продажу дзяржаве алейных культур» пераможцамі прызнаюцца тры сельгасарганізацыі, якія атрымаюць найвышэйшую ўраджайнасць  з пасяўной і ўборачнай плошчаў, забяспечаць найбольшы прырост валавай вытворчасці ў параўнанні з сярэднім узроўнем, дасягнутым за апошнія тры гады, выканаюць дзяржаўны заказ на пастаўку алейнага насення для дзяржаўных патрэб. Уборачная плошча павінна складаць не менш за 200 га. Абавязковай умовай для пераможцаў спаборніцтва з’яўляецца адсутнасць парушэнняў правілаў аховы працы, належныя санітарныя і бытавыя ўмовы для ўдзельнікаў жніва.

Сярод работнікаў сельскагаспадарчай вытворчасці пераможцамі прызнаюцца экіпажы камбайнераў, занятыя на ўборцы зерневых і зернебабовых культур, якія забяспечаць устаноўленую выпрацоўку на камбайн; ва­дзі­целі, занятыя на адвозцы зерня, пры ўмове забеспячэння максімальных аб’ёмаў перавозкі зерня без страт; аператары сушыльных комплексаў.

Пераможцы-сельгасарганізацыі ўзнагароджваюцца Ганаровымі граматамі райсельгасхарчу і РК прафсаюза работнікаў АПК, работнікі — Ганаровымі граматамі, Граматамі, Дыпломамі з уручэннем грашовых прэмій за кошт сельгасарганізацый.

Камбайнерам, вадзіцелям, занятым на ўборцы, перавозцы насення траў , іх вага залічваецца ў агульны аб’ём зерневых культур з каэфіцыентам 1:3, рапса, крупяных культур — 1:1.