«І тчэ, забыўшыся рука…»

P1210837Ткацтва — адзін з самых пашыраных відаў беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яшчэ ў пачатку ХХ-га стагоддзя ўменне ткаць было абавязковым для кожнай сялянкі, бо асноўную частку пасагу дзяўчыны, якая выходзіла замуж, складалі тканыя вырабы: посцілкі, ручнікі, абрусы. Сёння, калі мы карыстаемся разнастайнымі тканінамі прамысловай вытворчасці, ткацтва перастала быць масавым заняткам.

 Ручным ткацтвам  займаюцца толькі выбраныя людзі. Гэта справа працаёмкая і складаная. Акрамя таго, ткач павінен валодаць мастацкім густам. Менавіта такія якасці мае Карына Карасёва, малады кіраўнік гуртка па ткацтве Сенненскага дома рамёстваў. Чым прывабіў сучасную дзяўчыну такі «нямодны» від мастацтва? Карына і сама не ведае, чаму амаль дзесяць гадоў назад, пасля заканчэння школы, абрала спецыяльнасць «мастацкія вырабы з тэкстылю» ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы. Безумоўна, яе бабулі і прабабулі, як многія ў тыя часы, вышывалі і ткалі. Але асобых задаткаў да ткацтва ў Карыны не было. Толькі ў час вучобы, пазнаўшы  азы рамяства, яна зразумела — гэта праца яе жыцця. Зараз Карына павышае ўзровень свайго майстэрства, вучыцца на завочным аддзяленні мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава.

peoXfluDTgE        Традыцыйныя пакрывалы, ручнікі і нацыянальнае адзенне — усё падуладна рукам маладой ткачыхі. А што адчувае майстар, калі садзіцца за ткацкі станок і пачынае тварыць гэтыя цуда-рэчы? «У такі час ты быццам трапляеш у іншае вымярэнне, — дзеліцца Карына, —  дакранаешся да самой старажытнасці». Дзяўчына не хавае, каб займацца такім мастацтвам, неабходна мець бязмерную вытрымку і цярпенне. Напрыклад, да пачатку работы трэба пералі­чыць семсот нітак і прыладзіць іх у ткацкую машыну ў адпаведным парадку.

У народным дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ўвасобілася неабдымная, жывая душа народа, яго багаты, назапашаны стагоддзямі практычны вопыт і эстэтычны густ. Таму па расшыфроўках узораў нацыянальных посцілак і ручнікоў, як па кніжцы, можна прачытаць пра ўсё, што было, ёсць і, нават, будзе ў жыцці  людзей, сонца і зямлі, засцерагчыся ад хваробы, умацаваць  здароўе,  даведацца пра дзявочую долю і нядолю. Свае ўзоры Карына таксама не выдумвае, а старанна падбірае.

Майстрыха мае нямала дыпломаў і грамат за ўдзел і перамогі ў шматлікіх творчых конкурсах, выставах па ткацкім мастацтве: «Зямля наша Сенненская», «Палатняныя пераплёты» ў межах ХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтва «Сла­вянскі базар у Віцебску», «Матчыны  кросны» (Лепель), «Цвяток радзімы васілька» (Віцебск) і інш.

Карына Карасёва родам з Расоншчыны, але сенненская зямля за пяць гадоў жыцця на ёй стала роднай. Дзяўчына з’яўляецца актывісткай грамадскага руху раёна. Нярэдка выступае на раённых мерапрыемствах, спаборніцт­вах. Для творчасці рукадзельніцы ёсць усе ўмовы. А гэта значыць, што Сенненшчына стала багацейшай яшчэ на аднаго таленавітага майстра.

…Ткачыха, рупліва перабіраючы ніткі, ціха падпявае выканаўцы песні, што гучыць па радыё. І здаецца, знахо­дзішся не ў сучасным будынку — ткацкай майстэрні Дома рамёстваў, а недзе ў сялянскай хаце, і чуеш тую самую песню, якую некалі напявалі слуцкія ткачыхі з верша Багдановіча…

Ірына ГАРБАЧОВА.