У Сенненскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі прайшла прэзентацыя выставы творчых работ сенненскіх інвалідаў «Цеплыня і свет нашых душ і сардэц».

1-07 037У верасні гэтага года аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН адзначыць свой маленькі юбілей — 5 гадоў з дня заснавання. Выстава — своеасаблівае падвядзенне вынікаў карпатлівай працы невялікага калектыву супрацоўнікаў і яго падапечных, якія сапраўды навучыліся многаму.

У экспазіцыі прадстаўлены дзясяткі работ, выкананыя ў самых розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Бісерапляценне, аплікацыя, вышыўка, дэкупаж, квілінг (від паперапластыкі), тапіарыі (штучныя дрэўцы) і шмат чаго іншага наведвальнікі аддзялення асвойваюць на занятках гуртка «Дарніца», якім кіруе Кацярына Барсукова. Азы старадаўняга нацыянальнага рамяства — саломапляцення — ім выкладае майстар раённага Дома рамёстваў Валянціна Грыбоўская.

1-07 030    Кожная прадстаўленая праца «распавядае» аб тых, хто, насуперак лёсу, знаходзіць у сабе сілы і дамагаецца немалых поспехаў у жыцці. Не, гэта нават не поспехі ў шырокім разуменні слова, а сапраўдныя перамогі над сабой. Бо так тонка, ювелірна  здольны выканаць работы не кожны здаровы чалавек.

Для аддзялення гэта першая, можна сказаць, персанальная выстава. Ініцыятыву па яе арганізацыі адразу падтрымалі сенненскія музейшчыкі. Хаця наведвальнікі ўстановы неаднаразова бралі ўдзел у розных мерапрыемствах раённага і абласнога ўзроўняў, з’яўляліся прызёрамі фестываляў творчасці сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

1-07 039      Падтрымаць аўтараў у музей прыйшлі іх сябры, родныя, валанцёры, прадстаўнікі ўлады і грамадскіх аб’яднанняў. Шмат цёплых слоў выказала намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Зоя Фаміна. Яна адзначыла, што падобныя мерапрыемствы дапамагаюць  здаровым людзям, стаць больш шчырымі, адкрытымі, а інвалідам адчуць сябе патрэбнымі ў соцыуме. Асаблівыя словы падзякі Зоя Сцяпанаўна адрасавала супрацоўнікам аддзялення. Загадчыца Алена Атрошкіна і дружны калектыў неабыякавых людзей, а менавіта Вольга Нікалаева, Кацярына Барсукова, Надзея Комлева, Аляксей Саржыцкі робяць усё, каб іх падапечныя пастаянна былі акружаныя ўвагай і клопатам.

1-07 033

Яскравым дапаўненнем да прэзентацыі сталі музычныя выступленні інвалідаў. Напрыканцы прагучаў гімн аддзялення. Яго выконвалі ўсе, хто прысутнічаў у музеі на адкрыцці выставы, якая працягнецца да 15 верасня. У сенненцаў ёсць добрая магчымасць судакрануцца з мазаікай творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі і бясконцым талентам.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.