Міхаіла Кокава (прозвішчы зменены тут і далей), пацыента закрытага аддзялення Багушэўскай абласной туберкулёзнай бальніцы, забілі 9 мая. Злачынства адбылося ў калідоры медыцынскай установы ў другой палове дня, як мяркуюць следчыя, у прамежку часу з 16.00 да 16.40. Забойства здзейсніў Сямён Зазыба, які таксама лячыўся ў Багушэўску

ГСА незадоўга да гэтага, пацыенты медыцынскай установы ў той дзень неаднаразова пакідалі яе сцены і вярталіся, набыўшы алкаголь, каб спажываць яго. На момант забойства і Кокаў, і Зазыба знаходзіліся ў стане ап’янення. У крыві злачынцы алкаголь складаў 2,5 %, забітага — 3,4.

Як такое магло адбыцца ва ўстанове, дзе распіццё спіртных напіткаў, з’яўленне ў стане алкагольнага ап’янення забаронена правіламі ўнутранага распарадку? Не кажучы пра тое, што бальніца — грамадскае месца. У час папярэдняга следства збіраліся не толькі доказы віны злачынцы, вяліся пошукі адказу на гэта пытанне.

Савецкі культавы фільм «Джентльмены удачи» з Лявонавым у галоўнай ролі не забылі? А вядомы выраз? Сярод хворых, якія праходзяць курс лячэння ў Багушэўскай туббальніцы, нямала пацыентаў-«рамантыкаў». Працаваць з імі, безумоўна, няпроста. Медыцынскія работнікі, якія дзяжурылі ў той дзень у бальніцы, бачылі, як пацыенты п’юць віно. Але медсёстры абмежаваліся  вуснымі заўвагамі. Маўляў, нядобра так рабіць, хлопцы. Між тым тэрыторыя бальніцы кругласутачна ахоўваецца нарадам міліцыі, у кожным бальнічным аддзяленні ўстаноўлена тэлефонная электрасувязь. Ды што там казаць, апарат мабільнай сувязі сёння ёсць фактычна ў кожнага чалавека. Так што паведаміць міліцыянерам пра парушэнне правілаў унутранага распарадку медработнікі маглі. Не захацелі, пабаяліся — якая зараз розніца. Кокаў вырашыў, што яму дазволена ўсё, што ён — пахан на нарах і можа вяршыць лёсы людзей…

Прычына, чаму не паведамілі пра распіццё алкагольных напіткаў, следчым бачыцца ў іншым. Парушэнне правілаў унутранага распарадку ў Багушэўскай туберкулёзнай бальніцы — з’ява ледзь не будзённая. Пацыенты медустановы даўно сталі для пасёлка своеасаблівай карай. Яны пастаянна наведваюцца ва ўстановы населенага пункта, магазіны, з’яўляюцца на падворках багушэўцаў. Нярэдка, не для таго, каб засведчыць сваю пашану. У выніку  злачынстваў з удзелам пацыентаў бальніцы ў Багушэўску застаецца даволі шмат нават пасля ўстаноўкі камер відэаназірання.

Не так даўно двое хворых закрытага аддзялення бальніцы спачатку пілі віно ў палаце, потым самавольна пакінулі медыцынскую ўстанову і здзей­снілі крадзёж тавара-матэрыяльных каштоўнасцей з магазіна прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Логустар». Знікненне іх з палаты ніхто нават не заўважыў.

Падобны факт не адзін­кавы. А таму раённым аддзелам Следчага камітэта на адрас адміністрацыі Багушэўскай абласной туббальніцы, кіраўніцтва абласнога ўпраўлення аховы здароўя накіравана прадстаўленне аб неабходнасці ўхілення прычын і ўмоў, якія садзейнічалі здзяйсненню злачынстваў. Інфармаваны пра сітуацыю пракурор раёна, раённая выканаўчая ўлада. Вельмі хочацца спадзявацца, што будуць прыняты адэкватныя меры. Бо ўжо само з’яўленне хворых з адкрытай формай туберкулёзу на вуліцах пасёлка асобнымі багушэўцамі расцэньваецца як злачынства…

Аляксандр ІЎЕЎ.

P.S.    Як стала вядома рэдакцыі, аддзел Следчага камітэта атрымаў адказы на сваё прадстаўленне. Ад­міністрацыя Багушэўскай абласной бальніцы ў бліжэйшы час установіць над плотам, якім абнесена медыцынская ўстанова, калючы дрот, што ўскладніць спробы пацыентаў несанкцыянавана пакінуць бальніцу. У наступным годзе на тэрыторыі лячэбнай установы з’явіцца другі міліцэйскі пост.

Панеслі дысцыплінарнае і матэрыяльнае пакаранне медработнікі, якія не прынялі меры, каб спыніць распіццё алкаголю хворымі. Распрацаваны новы, больш жорсткі алгарытм паводзін для персаналу бальніцы, што ўжо прынесла некаторыя станоўчыя вынікі. У прыватнасці, міліцыянеры Багушэўскага аддзялення РАУС адзначаюць — у зводках здарэнняў «прадстаўніцтва» туббальніцы прыкметна знізілася.