На пасаду старшыні Сенненскага раённага выканаўчага камітэта распараджэннем кіраўніка аблвыканкама Аляксандра Косінца на гэтых днях прызначаны Васілій Чараднік

 2.07 009Даў згоду на яго прызначэнне і Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Згодна з Законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», Палажэннем аб парадку назначэння на пасады і вызвалення ад пасад кіраўнікоў і іншых членаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, унесеная кандыдатура зацвяр­джаецца раённым Саветам дэпутатаў.

У рабоце чацвёртай пазачарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў 27 склікання, на якой прысутнічалі ўсе 29 дэпутатаў, прынялі ўдзел,  акрамя старшыні аблвыканкама і прызначанага кіраўніка раёна, Эдуард Дзям’янаў, намеснік старшыні аблвыканкама, Уладзімір Севярын, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы абл­выканкама. Менавіта ён  азнаёміў дэпутатаў і прысутных на сесіі з біяграфіяй Васілія Чарадніка, звярнуў увагу на некаторыя яго дзелавыя, арганізатарскія якасці, што праявіліся на ранейшых пасадах, у прыватнасці, на «здольнасці глыбока аналі­заваць сітуацыю».

Сярод дэпутатаў таксама знайшліся асобы, якія скарысталіся магчымасцю выказацца пра ўнесеную на разгляд сесіі кандыдатуру на пасаду старшыні райвыканкама. Слова ўзялі Леанід Хірэвіч і Валерый Кучко.

Выступіў на сесіі і Васілій Чараднік. Ён расказаў пра захады, што будуць прыняты ў бліжэйшы час, каб завяршыць нарыхтоўку кармоў, правесці жніво, пра стратэгію і тактыку аздараўлення эканомікі раёна. «Я разумею ўсю адказнасць, якую бяру на сябе, перад Сенненскай зямлёй», — запэўніў дэпутатаў Васілій Чараднік.

Пасля гэтага дэпутатам было прапанавана выказацца з дапамогай галасавання, ці згодны яны на прызначэнне Васілія Чарадніка старшынёй Сенненскага раённага выканаўчага камітэта. З 29 прысутных дэпутатаў кандыдатуру падтрымалі ўсе.

Пасля ўручэння пасведчання старшыні райвыканкама і віншавання з нагоды прызначэння на пасаду слова ўзяў Аляксандр Косінец. Ён выказаў сваё бачанне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў раёне,  звярнуўшы асаблівую ўвагу на міграцыйныя працэсы. На думку кіраўніка вобласці, у раёне не выпрацавана сістэма работы з маладымі спецыялістамі, рэзервам кі­руючых кадраў. У выніку 9 кіраўнікоў арганізацый раёна не маюць вышэйшай адукацыі, на прадпрыемствах не выпускаецца новая запатрабаваная на рынку прадукцыя. Раённы бюджэт на 60 % датуецца. Менавіта таму кіраўніцтва раённай выканаўчай улады даверана маладому чалавеку. Аляксандр Косінец упэўнены, што энергія, новыя падыходы Васілія Чарадніка, памножаныя на самааддачу прысутных, мабілізуюць сенненцаў на высокія вытворчыя дасягненні, абяцаў сваю падтрымку маладому кіраўніку і раёну.

Чараднік Васілій Анатольевіч

Нарадзіўся ў 1981 годзе ў г. Горкі Магілёўскай вобласці ў сям’і студэнтаў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

         У 2004 і 2006 гадах скончыў гэтую ж навучальную ўстанову, атрымаўшы спецыяльнасці «Механізацыя сельскай гаспадаркі», «Кіраванне арганізацыямі і падраздзяленнямі аграпрамысловага ком­плекса».

         Працоўную дзейнасць пачаў у 2004 годзе ў якасці інжынера-энергетыка ААТ «Бешанковіцкі льнозавод». Быў загадчыкам майстэрні і мехдвара, галоўным інжынерам КУП «Астроўна», кіраваў аддзяленнем прыватнага ўнітарнага сельгаспрадпрыемства «Свіціна-ВМК», у 2011 годзе ўзначаліў ПУСП «АграВітВін» Бешанковіцкага раёна.

         Са студзеня 2013 года і да прызначэння на пасаду старшыні Сенненскага райвыканкама працаваў першым намеснікам, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Лепельскага райвыканкама.