Нядаўна Сенненскае райспажыўтаварыства прымала гасцей. Тут сабраліся адказныя за ідэалагічную работу з усіх арганізацый раёна, каб паўдзельнічаць у семінары, арганізаваным аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

sdruxsjty Удзельнікаў семінара сустракалі старшыня райспажыўтаварыства Аляк­­сандр Пуцята і начальнік аддзела кадраў, кааператыўнай і ідэалагічнай работы Аляксандр Абушкевіч.

Распавядаючы пра аргані­зацыю, кіраўнік не ўтойваў — праблем хапае, у тым ліку ў рабоце з людзьмі. За прылаўкам магазінаў часта мяняюцца прадаўцы, даволі распаўсюджана растрата матэрыяльных каштоўнасцей. Адказны за ідэалагічную работу не мае права ігнараваць падобныя негатыўныя з’явы, лічыць Аляксандр Пуцята, павінен са­дзейнічаць ухіленню негатыўных праяў.

Сенненскае райспажыўтаварыства мае ўстойлівае фінансавае становішча, дынамічна развіваецца. Стан эканомікі дазваляе ўкладваць сродкі ў паляпшэнне ўмоў працы работнікаў, у рэканструкцыю вытворчасці. Аляксандр Пуцята з гонарам расказваў пра рэканструяваныя ў райцэнтры аб’екты грамадскага харчавання. «Сен­ненцы атрымалі выдатную магчымасць праводзіць тут сямейныя і карпаратыўныя святы. Сюды не сорамна запрасіць сталічных гасцей», — лічыць кіраўнік райспажыўтаварыства.

Укладзеныя сродкі вернуцца не хутка — такая спецыфіка грамадскага харчавання. Тым не менш райспажыўтаварыства ў бліжэйшы час займецца абнаўленнем кавярні ў Багушэўску.

Фінансавыя ўкладанні робяцца і ў работу з людзьмі. Такі вывад не цяжка было зрабіць у час экскурсіі, наладжанай па адміністрацыйным будынку райспажыўтаварыства Аля­ксандрам Абушкевічам. Інфармацыйныя стэнды абноўлены. Іх сэнсавая напоўненасць адпавядае палітычнаму моманту.

Размова пра прыярытэты ў рабоце ідэолагаў працягвалася ў актавай зале райспажыўтаварыства. Пасля выступлення Аляксандра Абушкевіча, які падзяліўся сваімі напрацоўкамі па стварэнні сістэмы інфармавання членаў калектыву даволі разгалінаванай арганізацыі, якой з’яўляецца райспажыўтаварыства, па матэрыяльным і маральным стымуляванні лепшых работнікаў. Вялікі інтарэс у калег выклікаў расказ пра дзейнасць грамадскіх арганізацый, вопыт па згуртаванні ідэалагічнага актыву.

У рабоце семінара прымалі ўдзел і госці. Аб дэмаграфічнай сітуацыі ў Сенненскім раёне расказалі Вольга Мялешка, начальнік аддзела ЗАГС, і Аляксандр Досаў, намеснік начальніка ўпраўлення  па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Наталля Рыбчанка, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх, распавяла аб практыцы ўзаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі па арганізацыі летняга адпачынку і працаўладкаванні непаўналетніх. Гэтыя пытанні не могуць заставацца па-за сферай інтарэсаў адказных за ідэалагічную работу. Абмяркоўваліся і іншыя праблемы. У прыватнасці, Сняжана Мяцеліца, галоўны ўрач Сенненскага РЦГЭ, нават прывяла з удзельнікамі вучобы тэсціраванне, наколькі яны псіхалагічна  гатовы жыць і працаваць разам з носьбітамі ВІЧ-інфекцыі. На Сенненшчыне хоць і не шмат хворых людзей, аднак іх колькасць у апошнія гады павялічылася і дасягнула 6 асоб.

У заключэнне ідэолагі наведаліся ў рэканструяваныя аб’екты грамадскага харчавання райспажыўтаварыства. Яны ўвачавідку змаглі ўбачыць абноўлены інтэр’ер, прадэгуставалі новыя хлебабулачныя вырабы, блюды хуткага прыгатавання.

Любая інфармацыя карысная. А для ідэолага яна яшчэ і падмога ў рабоце. Нездарма ж кажуць, хто валодае інфармацыяй, той валодае светам.

Наш кар.

 НА ЗДЫМКУ: пра прадукцыю хлебазавода расказвае Марыя Хвошч, начальнік аддзела прамысловасці райспажыўтаварыства.