Какую трагедию хранит розовый гранит

25.04 001 Амаль 70 гадоў назад адгрымелі пераможныя залпы. Здавалася б, за больш чым паўвекавы перыяд, мы павінны ведаць пра яе ўсё. Колькі кніг напісана, колькі даследаванняў праведзена, колькі сведак апытана. Але белых плям не становіцца менш. Павольна скарачаецца і спіс «зніклых без вестак». Іх шукаюць ужо ўнукі, праўнукі і нярэдка знаходзяць…

Гэты непрыкметны, пазелянелы ад часу помнік з ружова-шэрага граніту адкапалі з-пад гор смецця школьнікі ў час чарговага суботніка на сельскіх могілках ва Ульянавічах. Хто першым кінуў на магілку камякі зямлі і леташнюю лістоту сёння ўжо не пазнаць. (Аўт.: Тое, як мы нярэдка паводзім сябе ў грамадскіх месцах, тэма для асобнага артыкула). Закінутых магілак у старой частцы вясковага пагоста хапае.

25.04 005        — Па магчымасці, — распавядае спецыяліст выканкама Багданаўскага сельскага Савета дэпутатаў Надзея Багданоўская, — імкнемся прывесці іх у парадак. Вось і знойдзенае пад смеццем пахаванне падсыпалі, акультурылі. Ужо потым заўважылі надпіс. Скрозь напаўсцёртыя літары, выбітыя на камяні пад маленькім крыжыкам, з цяжкасцю адгадваліся прозвішчы, гады нараджэння пахаваных людзей. А вось дата і прычына смерці жахнулі сваей дакладнасцю: «Забітыя немцамі ў верасні 1942 года». Хто гэтыя людзі? Чаму? За што? Якую трагедыю хавае гэты ружовы граніт?

Пры садзейнічанні настаўніка гісторыі Ульянавіцкай школы, краязнаўцы Уладзіміра Грашавіка, па ўспамі­нах мясцовых старажылаў удалося аднавіць гісторыю 72-гадовай даўніны.

Сужэнцы Фядкевічы з вёскі Замошша, што каля Ульянавіч, былі расстраляныя немцамі 15 верасня 1942 года за сувязь з партызанамі. У радах народных мсціўцаў ваяваў іх сын Уладзімір. Такім чынам фашысты адпомсцілі яму за тое, што той не стаў служыць у паліцыі.

У памочнікі акупанты імкнуліся вербаваць так званых пакрыўджаных савецкай уладай грамадзян, тых, хто быў рэпрэсаваны, у тым ліку і па лжывых абвінавачваннях. За што ў 1939 годзе арыштавалі сына Фядкевічаў невядома. Але з пачаткам вайны Уладзімір вярнуўся дадому. Даведаўшыся аб гэтым, немцы сталі ўгаворваць маладога чалавека перайсці на іх бок і служыць паліцаем. Зрабіць гэта ім удалося. Праўда, пабыўшы дні тры ў паліцыі, Уладзімір уцёк і пайшоў у партызаны. Расплатай стала жыццё яго бацькоў.

Вярнуўшыся пасля вайны ў родны край сын усталяваў  на магіле дарагіх яму людзей помнік. Як склаўся далейшы лёс Уладзіміра Фядкевіча, яго землякам не вядома. Але хочацца спадзявацца, што гэты артыкул стане той нітачкай, якая дапаможа аднавіць пакуль яшчэ да канца невядомую старонку гісторыі Сенненшчыны.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *