У Какоўчынскім сельскім Доме культуры ўзнагародзілі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і былых вязняў медалямі ў гонар 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

70-цв. Сустрэча пачалася з віншавальнага слова старшыні Какоўчынскага сельскага Савета Аляксандра Міхнюка, які і ўручыў узнагароды. Медалі атрымалі ветэран вайны Міхаіл Шаршавіцкі і былыя вязні Ванда Галкоўская, Вера Шарац, Ганна Румо. Таксама віншаванні прагучалі ад Іны Пранько, намесніка старшыні па ідэалагічнай рабоце ААТ «Бяленева». Яна паднесла запрошаным памятныя падарункі.

Працягнулася мерапрыемства канцэртам мастацкай самадзейнасці калектываў Какоўчынскага, Яноўскага сельскіх Дамоў культуры і Першамайскага сельскага клуба. Актыўны удзел у выступленнях прымалі і дырэктары гэтых устаноў Людміла Казлова (Яноўскі СДК), Святлана Мітаковіч (Першамайскі СК) і Аляксандр Грабеннікаў (Какоўчынскі СДК). У праграме прагучалі песні ваенных гадоў.

Пасля канцэрта ўзнагароджаныя чаявалі за «салодкім» сталом і дзяліліся ўспамінамі пра вайну.

На жаль, не ўсе з запрошаных змаглі прыйсці ў сельскі Дом культуры. Ветэрана вайны Віктара Стрыганкова і былых вязняў Ніну Шушкевіч, Іосіфа Цемрука і Дзмітрыя Бялкоўскага арганізатары мерапрыемства ўзнагародзілі і павіншавалі дома.