5 ліпеня — Дзень спажыўкааперацыі. Сенненскае райспажыўтаварыства — фінансава ўстойлівае прадпрыемства

ГС Кааперацыя раёна сёння — гэта гаспадарчая сістэма, якая складаецца з разгалінаванай сеткі прадпрыемстваў гандлю, грамадскага  харчавання,  нарыхтовак сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны. Выпускаецца ўласная прадукцыя, аказваюцца паслугі насельніцтву.

Аснову сенненскай спажывецкай кааперацыі складае гандаль. Рознічная гандлёвая сетка прадстаўлена 81 магазінам: 27 — па продажы харчовых тавараў, 14 — нехарчовых, 40 — па гандлі змешаным асартыментам. Абслугоўванне жыхароў сельскіх населеных пунктаў вядзе­цца праз 60 магазінаў і 7 аўтамагазінаў.

Сетка аб’ектаў грамадскага харчавання райспажыўтаварыства прадстаўлена 17 аб’ектамі на 879 месцаў. У яе ўваходзяць у тым ліку — рэстаран, 3 бары, 3 кавярні, 4 школьныя сталовыя, закусачная, кафетэрый. Летась бар-більярд пераспецыялізаваны ў закусачную «Кофейня», праведзены рамонт бара г. Сянно.

Прамысловасць райспажыўтаварыства прадстаўлена хлебазаводам і каўбасным цэхам. На іх вырабляецца больш за 120 відаў прадукцыі.

Важную ролю ў сістэме райспажыўтаварыства займае нарыхтоўчая і знешнеэканамічная дзейнасць. Асноўнымі відамі прадукцыі, па якіх спажывецкая кааперацыя працуе з насельніцтвам, з’яўляюцца бульба, гародніна, садавіна, мясапрадукты, лом чорных і каляровых металаў.

Павялічваецца колькасць відаў паслуг, якія спажыўкааперацыяй аказваюцца насельніцтву раёна. На сённяшні дзень іх колькасць дасягнула дванаццаці. За невысокую плату работнікі спажыўкааперацыі збяруць для вас мэблю, акажуць транспартныя паслугі, даставяць тавар на дом, аформяць належным чынам  набыты падарунак. На прадпрыемствах грамадскага харчавання можна скарыстацца паслугамі повара і афіцыянта, заказаць месцы для правядзення сямейных, карпаратыўных мерапрыемстваў і г.д.

Сенненскае райспажыўтаварыства дынамічна развіваецца, гэта фінансава ўстойлівае прадпрыемства, а калектыў імкнецца ісці ў нагу з часам.