Забыць смак хлеба, прыгатаванага па рэцэптах бабуль, сенненцам не дазваляе прадукцыя хлебазавода райспажыўтаварыства

IMG_8060Каля 5 тон хлебабулачных вырабаў у суткі выпякаецца на прадпрыемстве. Акрамя таго, попытам у пакупнікоў карыстаецца дробнаштучная прадукцыя вагой 100-150 грамаў. Каля 40% вырабаў запакоўваецца ў плёнку, што садзейнічае больш працягламу іх захаванню.

— Наша прадукцыя, — расказвае Марыя Хвошч, начальнік аддзела прамысловасці райспажыўтаварыства, — акрамя Сенненскага раёна,  пастаўляецца на рэалізацыю ў гандлёвую сетку Віцебска, Оршы, Чашніцкага раёна.

Найбольшым попытам у пакупнікоў карыстаецца хлеб «Зарэчны». Ён узбагачаны бульбяной клятчаткай і, на думку дыетолагаў, садзейнічае зніжэнню вагі. Медыкі рэкамендуюць гэты гатунак хлеба для спажывання людзям, у якіх ёсць сардэчна-сасудзістыя захворванні.  Паспелі ацаніць спажыўцы і такія віды хлеба, як «Літоўскі» (0,4 кг), «Славянскі» (0,3 кг) з дабаўленнем вотруб’я, «Клюквенный» — у яго прымешваюцца журавіны. Апошнім часам сталі  выпякацца булачка «Малочная», рагалік з павідлам, пляцёнка «Малышка». Яны таксама знайшлі свайго пакупніка, бо складаюцца толькі з натуральных інгрэдыентаў. Больш працягламу захаванню свежасці хлеба садзейнічае шматстадыйны спосаб цеставядзення. Фактычна сенненскія хлебапёкі ў вытворчасці прымяняюць тую ж тэхналогію, што і беларускія гаспадыні, калі самі пяклі хлеб у печах.

Хлеб нашым, і не толькі, народам прызнаецца за святыню, заўважым, не матэрыяльную, а духоўную. Яго прыгатаванне — асаблівы працэс, асаблівая тэхналогія. Важна, каб да працы хлебапёк прыступаў не толькі з чыстымі рукамі, у белым пярэдніку. Якасць, смак і, нават, пажыўнасць хлеба паляпшаюцца, калі яго пякуць шчырыя, спагадлівыя, з адкрытай душой людзі. Такіх і імкнуцца падбіраць у калектыў хлебапёкаў.

— У нас на вытворчасці няма выпадковых людзей. Тыя, хто прыходзіць на хлебакамбінат, застаюцца, — працягвае расказ Марыя Хвошч. Галіна Пашкевіч, майстар-пекар, некалі працавала ў каўбасным цэху. Паспрабавала сябе на хлебапячэнні, і вось ужо каля дзесяці гадоў працуе тут. Не першы год заняты ў вытворчасці хлеба Вольга Аксёнава, Вольга Сіўко, Алеся Коўшар, Ірына Шапавіцкая. Мы назвалі імё­ны толькі тых людзей, што працуюць у адну з трох змен.  Вытворчасць працуе кругласутачна. Усяго ў ёй занята больш за 30 чалавек.

Вытворчасць хлебабулачных вырабаў — рэнтабельная. А значыць яна прыносіць райспажыўтаварыству прыбытак. Чаму спрыяе не толькі сумленная праца людзей, занятых на заводзе. Перыя­дычна абнаўляецца яго абсталяванне. Самыя знач­ныя ўкладанні былі зроблены пры  пераходзе на выкарыстанне для хлебапячэння прыроднага газу. У бліжэйшых планах хлебапёкаў — замена мукапрасейвальні­каў, дазатараў.  Гэта дапаможа аблегчыць працу людзей, выжываць у жорсткай канкурэнтнай барацьбе.

Аляксандр ІЎЕЎ.

 НА ЗДЫМКУ: Марыя Хвошч (першая справа) разам са зменай майстра-пекара Галіны Пашкевіч у складзе Вольгі Аксёнавай, Вольгі Сіўко, Алесі Коўшар і Ірыны Шапавіцкай.