Універсам «Родны кут» — адзін з буйнейшых магазінаў Сенненскай райспажыўкааперацыі
Выручка за месяц тут складае каля паўтара мільярда рублёў. Гэта больш, чым у любым іншым магазіне.
Прыемна ўражваюць разнастайнасць асартыменту, прыгожая выкладка прадукцыі. У гандлёвай кропцы прадстаўлена звыш сямі тысяч найменняў тавараў, насычанасць якімі дасягаецца дзякуючы своечасовым пастаўкам. З многімі буйнымі беларускімі прадпрыемствамі магазін працуе напрамую: «АВС», «КАМАКО», «АЛВЕСТА», «Савушкін прадукт», «Беллакт» і інш.
Пакупніцкай папулярнасці магазіну надае сістэма самаабслугоўвання. Яна дазваляе кожны тавар патрымаць у руках, даведацца пра яго састаў, тэрмін захоўвання, якасць.
У апошні час у гандлёвых аб’ектах часта практыкуюцца новыя падыходы ў маркетынгу, у прыватнасці, ладзяцца розныя акцыі, продаж тавараў па «чырвоных цэнах», зніжкі. Такія формы работы выкарыстоўваецца і ў магазіне «Родны кут».
Зладжана працуюць работнікі гандлёвай кропкі. Не так даўно яны перайшлі сюды з крамы «Кантынент». Калектыў падабраўся дружны, згуртаваны, гатовы працаваць на вынік. У многім гэта заслуга загадчыцы магазіна Тамары Конышавай — майстра сваёй справы. «Галоўнае, чаму вучыць нас Тамара Канстанцінаўна, — гаворыць прадавец Валянціна Пракаповіч, — з разуменнем, карэктна і добразычліва адносіцца да пакупнікоў. Яна цёпла прымае ў калектыў маладое папаўненне і дапамагае асвоіцца ў рабоце.»
У магазіне працуе 11 прадаўцоў, прыбіральшчыцы, грузчыкі, фасоўшчыцы. Калектыў шмат робіць для таго, каб «Родны кут» апраўдваў сваё брэндавае прызначэнне магазіна сістэмы спажыўкааперацыі.
Працяглы працоўны стаж у галіне гандлю ў прадаўцоў Ніны Пагарэльскай, Алены Яроменка. Сваёй ветлівасцю і ўважлівасцю да наведвальнікаў вылучаецца Ірына Кулік. Больш за дваццаць пяць гадоў у сістэме райспажыўкааперацыі Валянціна Пракаповіч, адказная і добрасумленная ў сваёй справе. У час водпуску загадчыцы падмяняе яе. Вось ужо шэсць гадоў прадаўцы працуюць як адна сям’я. Бездакорна выконваюць свае абавязкі і Людміла Іванова, Таццяна Трубчанка, Вольга Шафранская, Наталля Луцыковіч, якія адносна нядаўна папоўнілі калектыў.
Самая, бадай, высокая ацэнка працы — прызнанне пакупнікоў. Многія наведвальнікі крамы, з якімі мы размаўлялі, шчыра хвалілі новы калектыў універсама.
Прызнацца, пагутарыць з прадаўцамі і зрабіць фотаздымкі аказалася даволі складанай справай — у магазіне пастаянна былі людзі.
Ларыса МУКАМОЛАВА.
НА ЗДЫМКАХ: Людміла Іванова прапаноўвае тавар; Ірына Кулік на працоўным месцы.
Фота Алы ЯКАЎЛЕВАЙ.