Заўтра — Дзень моладзі. Адзінаццацікласніца Багданаўскай школы Ганна Васілёнак пакуль не вызначылася наконт сваёй будучай прафесіі, але дакладна ведае, што гэта будзе справа не кабінетнага работніка

dzeNcf4v2h4 «Калі б Аня трапіла ў іншую краіну, яна б і там за лічаныя хвіліны знайшла сабе субяседніка», — жартуюць настаўнікі, калі размова заходзіць пра іх вучаніцу.

На працягу ўсяго навучання дзяўчына паказвае выдатныя веды па прадметах, абапіраючыся не  толькі на матэрыял падручнікаў, але і выкарыстоўваючы дадатковую літаратуру.

Як адзначаюць сябры, Аня — душа калектыву, яна з тых, на каго хочацца раўняцца. Дзяўчына прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці школы. З 2013 года  ўзначальвае школьную пярвічную арганізацыю ГА «БРСМ», апраўдала надзеі сваіх таварышаў і настаўнікаў, заняўшы другое месца ў раённым конкурсе для сакратароў пярвічных арганізацый грамадскага аб’яднання «Лідар — новае пакаленне».

Аня шчыра прызнаецца — спраў заўсёды шмат, часам нават не ведаеш, чаму аддаць перавагу. Дзяўчына арганіч­на спалучае ў сабе цікавасць  да спорту,  музыкі, доследна-навуковай працы. «Гэта чалавек, якім мы, безумоўна, ганарымся, — адзначае Валянціна Каржыцкая, дырэктар Сенненскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, які наведвае Аня. — Дзяўчына захапляецца музыкай. У яе атрымліваецца па-сапраўднаму добра спяваць.  Аб выніковасці захаплення гаворыць і той факт, што ў фестывалі дзіцячай творчасці «Ранішняя зорка-2014» у намінацыі «Вакальная творчасць» Аня была адзначана дыпломам ІІІ ступені, а ў раённым конкурсе міжкультурных камунікацый у намінацыі «Фабрыка зорак» стала другой.

Штогод школьніца ўдзельнічае ў абласных краязнаўчых чытаннях. Сёлета, у раздзеле «Лёсы, апаленыя Афганістанам», яна прадстаўляла работу, напісаную сумесна са сваёй сяброўкай Марыяй Радкевіч аб былым афганцы Леанідзе Станкевічы. Як падзялілася Валянціна Каржыцкая, з Віцебска на адрас РЦДіМ прысланы сертыфікаты ўдзельнікаў абласнога краязнаўчага чытання, прысвечанага «70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 25-ай гадавіне вываду савецкіх войск з Афганістана». У хуткім часе адбудзецца ўручэнне ўзнагарод багданаўскім школьніцам.

«Кожная, нават маленькая перамога служыць новым штуршком для далейшага руху наперад», — сцвяр­джае Аня, даказваючы сваім сябрам і блізкім, што годна называцца лепшай.

Ала ЯКАЎЛЕВА.