Добры пляж — бяспечны пляж
Чэрвень не асабліва парадаваў сенненцаў цеплынёй. Тым не менш, ля вадаёмаў рэгулярна можна назіраць аматараў паплаваць. А з прыходам па-сапраўднаму летняй спёкі іх колькасць істотна павялічыцца.
Па інфармацыі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, месцы і зоны адпачынку даўно гатовы да купальнага сезону. Афіцыйна ў Сенненскім раёне налічваецца тры месцы масавага адпачынку людзей. Яны абсталяваны на азёрах Ходцаўскае, адказнасць за ўборку якога нясуць мясцовы ўчастак РУП ЖКГ і Ходцаўскі сельвыканкам, Заазерскае (Ульянавіцкае лясніцтва) і Дарскіх азёрах (Обальскае лясніцтва). Тут не пакупаешся. Затое ў лясных масівах створаны ўмовы для іншага адпачынку. На азёрах Рахальскае (ПС «Сянно» і НПС «Дружба»), Тухінскае (філіял «АТП №20 г.Сянно» і Сенненскае ПМС), Серакаратнянскае (Багушэўскі сельвыканкам і ДЛГУ «Багушэўскі лясгас), Дзевінскае (ААТ Станказавод «Чырвоны барэц» і ТАА «Цэнтрінвест») і Сенненскае (аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, РУП ЖКГ) створаны ўмовы для купання.
Па словах старшыні раённай арганізацыі таварыства выратавання на вадзе Уладзіміра Станкевіча, гатоўнасць цэнтральнай зоны адпачынку на возеры Сенненскім пацверджана пракурорскай праверкай, а таксама абследаваннямі экалагічнай і санітарнай службаў. Акрамя таго, вадалазы абласной арганізацыі таварыства выратавання на вадзе ачысцілі ад смецця акваторыю купальні.
Пляж у г. Сянно — адзіная зона адпачынку, дзе размешчаны выратавальны пост АСВОДа. Тры чалавекі ажыццяўляюць штодзённае дзяжурства. На возеры ўсталяваны знакі (буйкі), якімі пазначаны месцы для купання. пабудаваны лаўкі, арэлі, раздзявальні. Непадалёк знаходзіцца туалет, кантэйнеры для смецця, калонка з пітной вадой. Для адпачываючых размешчана наглядная інфармацыя аб правілах паводзін на вадзе, спосабах выратавання, аказання пацярпелым першай медыцынскай дапамогі.
На жаль, на яе мала хто звяртае ўвагу. А калі і чытае, то не выконвае. Нядаўна ў стане алкагольнага ап’янення на возеры Серакаратнянскае патанула жанчына.
— Арганізаваць працу выратавальных пастоў АСВОДа на кожным пляжы няма магчымасці і фінансавых сродкаў, — кажа Уладзімір Станкевіч. — Таму прадстаўнікам сельвыканкамаў, міліцыі, іншых зацікаўленых службаў трэба звяртаць ўвагу не толькі на інфармаванасць насельніцтва аб правілах паводзін на вадзе, але і на кантроль за іх выкананнем.
Ды і самім адпачываючым трэба быць больш пільнымі, неабыякавымі. Заўважыўшы на пляжы за распіццём алкагольных напояў «вясёлую» кампанію, не баяцца паведаміць у адпаведныя службы. Гэтым вы зможаце выратаваць не адно жыццё.
Ірына ГАРБАЧОВА.
Фота аўтара.
Асноўныя правілы паводзін на вадзе:
— катэгарычна забараняецца плаваць у нецвярозым стане ці распіваць спіртныя напоі на пляжы;
— заплываць за буі;
— неабходна пастаянна сачыць за дзецьмі, не дазваляць ім адным заходзіць у ваду;
— нельна доўга знаходзіцца ў халоднай вадзе, далёка адплываць ад берага нават на спецыяльных матрацах і кругах;
— калі нагу схапіла сутарга, трэба на імгненне акуратна апусціць яе ў ваду і выпрастаць, затым моцна пацягнуць на сябе ступню за вялікі палец;
— не нырайце ў ваду: ні адзін вадаём не мае пастаяннага рэльефу, таму, аступіўшыся, можна атрымаць сур’ёзную траўму;
— забараняецца забруджваць вадаёмы і водаахоўныя зоны.