Стаць піянерам і гурткоўцам будзь гатовы!

Заканчэнне Тыдня пазашкольнага выхавання і навучання, які праходзіў па ўсёй краіне з 4 па 11 верасня, адзначылі гарадскім святам. На летняй танцпляцоўцы сабраліся дзе­ці, іх бацькі, а таксама настаўнікі, супрацоўнікі Сенненскага цэнтра пазашкольнай работы з дзецьмі і падлеткамі.   

 Тыдзень пазашкольніка супадае з яшчэ адной знамянальнай датай — Днём нараджэння грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя». Сёлета ў беларускай піянерыі — юбі­лей. ГА «БРПА» спаўняецца 20 гадоў. Менавіта столькі Сенненскі ЦПР праводзіць мерапрыемствы, прысвечаныя ўступ­­ленню ў рады піянерскай арганізацыі. Гэтае свята не стала выключэннем. На ўрачыстую лінейку выйшлі члены школьных дружын «Брыганціна» (СШ №1), «Вясёлка» (СШ №2), «Вясёлка» (школа-інтэрнат), а таксама пяцікласнікі, якім належала сёння стаць піянерамі. Сёлета ў піянерскія рады ўступілі 66 школьнікаў — навучэнцаў сярэдніх школ №1 і №2 г.Сянно, Сеннен­скай сярэдняй школы-інтэрната. Услед за дырэктарам ЦПР Валянцінай Каржыцкай хлопчыкі і дзяўчынкі вымавілі словы Прысягі. Завязаць новаспечаным піянерам чырвона-зялёныя гальштукі атрымалі права ветэраны і сённяшнія актыві­с­ты піянерскага руху, ганаровыя госці, у іх ліку начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Марына Наваковіч. Яна таксама павіншавала вучняў з урачыстай падзеяй. Да яе далучыліся старшыя піянерважатыя СШ №2 Вольга Пернер і школы-інтэрната Святлана Даукшас. З юбілейнай нагоды члены школьных дружын — Пётр Труханенка, Ілья Несцяронак, Анастасія Мяцеліца, Ірына Дваравая, Ігар Малахаў, Аляксандра Навасад і Вадзім Мядзведзеў — былі ўзнагароджаны граматамі райсавета піянерскай арганізацыі.

 Раптоўна на пляцоўцы з’явіліся дзяўчынкі на роліках. Яны трымалі ў руках гірлянду з рознакаляровых паветраных шарыкаў з надпісам «20 год ГА «БРПА». Пад дзіцячыя апладысменты шарыкі неўзабаве ўзняліся ў неба. На такой радаснай ноце скончылася лінейка, але не само свята.

 Месца вядучых заняў казачны герой «Домовёнок-Внешколёнок» у выкананні педагога-выхавацеля ЦПР Алесі Цыва. Разам з кіраўніком Цэнтра Валянцінай Каржыцкай ён расказаў пра дзейнасць роднай установы. Сёлета ЦПР спраўляе паўвекавы юбілей. За 50 год існавання праз арганізацыю прайшло не адно пакаленне сенненцаў. І сёлетнія дзеткі — выхаванцы Цэнтра — маюць цудоўную магчымасць усебакова развівацца, раскрываць свае таленты. Дзеля гэтага тут працуе 14 гурткоў розных накірункаў: тэатральны, спартыўны, вакальны, дэкаратыўна-пры­кладнога мастацтва і інш. Дарэчы, прысутныя маглі на свае вочы ўбачыць, што ўмеюць выхаванцы асобных гурткоў. Майстэрства страявой падрыхтоўкі прадэманстравалі хлопцы з ваенна-патрыятычнага атрада «Спарта» (кір. Алег Шумкоў). Прыёмы баявых адзі­наборстваў паказалі ўдзель­­нікі гуртка «Рукапашны бой» (кір. Уладзімір Санько). А дзяўчаткі з «Вакаліны» (кір. Алена Галай) парадавалі ўсіх добрымі песнямі.

 Гурткоўцы — актыўныя ўдзельнікі розных конкурсаў і спаборніцтваў, у якіх часта займаюць прызавыя месцы. Многім з іх на свяце былі ўручаны дыпломы. Вікторыя Салодкіна з гуртка «На­шчад­кі»(кір.Людміла Кры­­штопенка) заняла другое месца ў конкурсе сачыненняў «Народжаныя ў Беларусі». Выхаванцы гуртка «Авіясуднамакетаванне» (кір. Алена Поль­ская) Назар Шубка, Арцём Гарнак, Мікіта Бышчаў сталі прызёрамі раённага этапу абласной выставы тэх­ніч­най творчасці навучэнцаў. Падзякі атрымалі юныя акцёры лялечнага тэатра (кір.Таццяна Лектарава) Андрэй Гарнак, Алена Сянькевіч, Уладзі­слаў Малаткоў, якія падчас летніх канікул паказвалі спектаклі для маленькіх жыхароў Сянно і аграгарадка Нямойта, а таксама выступалі ў вясковых школках.

 На працягу некалькіх год выхаванцы ЦПР, вучні школ прымаюць удзел у конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва «Выратавальнікі вачамі дзяцей», абвешчаным Міні­стэрствам па надзвычайных сітуацыях. Найбольш актыўныя ўдзел­ь­нікі — Марына Грыцаева (СШ №1 г.Сянно), Дзяніс Шабалін (Ульянавіцкая школа), Кацярына Шухто (Машкан­ская школа) — былі заахвочаны. Намеснік начальніка Сенненскага РАНС па ідэа­лагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Ула­дзімір Бозыр уручыў падлеткам маляўнічыя часопісы, у якіх, дарэчы, змешчаны ўласныя работы вучняў.                       

 На працягу дзейства супрацоўнікі Цэнтра пазашкольнай работы забаўлялі ўсіх прысутных цікавымі гульнямі і вясёлымі танцамі, ператвараючы суботні ранак у сонечнае свята дзіцячай усмешкі і творчасці.

Вольга Бандарэвіч.    

 Фота аўтара.