У Студзёнкаўскім сельсавеце юбілейную дату з нагоды вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сустракаюць два ветэраны, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях

IMG_8002Сярод іх Пётр Баркавец, жыхар вёскі Келісы. У лістападзе 1943 года юнак стаў партызанам брыгады Аляксея, за кароткі час зведаў усе нягоды ляснога жыцця. Але лёс рыхтаваў яму новыя выпрабаванні. У час блакады, арганізаванай фашыстамі супраць народных мсціўцаў, 20 чэрвеня 1944 года на рацэ Беразіна Пётр Баркавец трапіў у палон, знахо­дзіўся ў канцлагеры. З няволі юнака вызвалілі ў красавіку 1945 года амерыканскія салдаты, перадалі савецкаму боку. А хутка Пятра Баркаўца прызвалі ў Чырвоную армію, адкуль ён дэмабілізаваўся ў 1947 годзе.

Такімі вось няпростымі выдаліся ваенныя дарогі Пятра Емяльянавіча. Усе пасляваенныя гады ветэран прысвяціў працы ў сельскай гаспадарцы.

Напярэдадні Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў да ветэрана вайны і працы наведаліся начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аляксандр Паўлоўскі, старшыня выканкама Студзёнкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Алег Біратка, каб уручыць юбілейны медаль, віншавальнае пісьмо ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.