Лекі — для хворых, музыка — для душы

P1210752 Правізар-рэцэптар цэнтральнай аптэкі №24 г.Сянно Юлія Шэхава на Сенненшчыне амаль год. Дзяўчына ні кроплі не шкадуе, што так «вырашыла» размеркаванне: любімая работа, побач блізкія людзі, старыя і новыя сябры…

У Лужаснянскай гімназіі для здольных і адораных дзяцей Віцебскай вобласці Юля вызначылася з будучай прафесіяй, абраць якую дапамог любімы настаўнік хіміі Руслан Валянцінавіч Шклейнік. Менавіта ён зацікавіў старанную вучаніцу сваім прадметам, даў багаж ведаў, з якім, па словах маладога спецыяліста, на першых двух курсах Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта было лёгка вучыцца. Аднак, гэта быў толькі пачатак. На старэйшых курсах прыйшлося глыбей вывучаць медыцынскія навукі. Зараз Юля ўпэўнена, што менавіта стараннасць, уседлівасць у час вучобы і зараз дапамагаюць ёй з поспехам працаваць па абранай спецыяльнасці.

На размеркаванні віцябчанкі ў Шэхавай быў шанц застацца ў абласным цэнтры. У апошні момант Юля сама прапанавала камісіі накіраваць яе ў маленькі ціхі гарадок Сянно. І невыпадкова, бо гэта месца, дзе  дзяўчына праводзіла канікулы ў бабулі і дзядулі, Дзіны Сямёнаўны і Міхаіла Пятровіча Падабед,  знаёма ёй з дзяцінства…

Сустрэлі маладога спецыяліста на першым месцы працы вельмі добра.  Увогуле, правізар — злучальнае звяно паміж урачом і пацыентам. Таму прафесія гэта — своеасаблівая. Неабходна ўвесь час знаходзіць узаемаразуменне з людзьмі розных узростаў і сацыяльных груп, ведаць ад А да Я фармакалагічныя ўласцівасці шматлікіх лекаў па ўсіх накірунках медыцыны, умець чытаць рэцэпты, выпісаныя ўрачамі, а часам даводзіцца і парады хворым даваць.

Не сядзець на адным месцы — жыццёвая пазіцыя маладога спецыяліста Юліі Шэхавай. Для яе фармакалогія — не адзінае захапленне. Маючы пачатковую музычную адукацыю па класе акардыёна, у гімназіі займалася вакалам. І зараз знаходзіць час для творчасці. У 2014 годзе дэбютавала на конкурсе маладых выканаўцаў патрыятычнай песні «Песні юнацтва нашых бацькоў».  Юля пастаянна  ўдзельнічае ў канцэртных праграмах РДК,  ў акцыях ГА «БРСМ», абараняе гонар і роднай аптэкі на розных спаборніцтвах ГВ РУП «Фармацыя». Сёння дзяўчына самастойна развучвае акорды на гітары. Спадзяёмся, што ў хуткім часе Юля парадуе сенненцаў сваёй ігрой на гэтым музычным інструменце.

Ірына ГАРБАЧОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *