Сянаж з пашаў
З пачатку нарыхтоўкі кармоў з траў першага ўкосу ў ПП «Дружбінец» закладзена больш за 1400 тон сенажу. Першая сянажная траншэя ёмістасцю 810 тон запоўнена пераважна «зялёнкай» з люцэрны. Яна знаходзіцца непадалёк ад вёскі Парэчча, дзе на мясцовай ферме ўтрымліваецца маладняк буйной рагатай жывёлы. У гэтыя дні зялёная маса дастаўляецца ў Нямойту.
— У апошнія два дні тэмпы нарыхтоўкі кармоў знізіліся. Зялёную масу рыхтуем пераважна з пашаў, — кажа начальнік цэха раслінаводства Леанід Кавалеўскі. — Следам уносім азотныя ўгнаенні. Ва ўмовах цёплага і вільготнага надвор’я гэта дазволіць падтрымліваць на належным узроўні вытворчасць малака.
На касавіцы траў у ПП «Дружбінец» занята пяць касілак, на здрабненні да нядаўняга часу працавала два КВК-800. Аляксандр Пашкевіч заняты на адным з камбайнаў. На яго рахунку 650 тон зялёнай масы, што з’яўляецца лепшым паказчыкам.
— Выпрацоўка магла б быць большай. Праблема не толькі ў тым, што траву падбіраем з палеткаў, дзе нядаўна выпасалася жывёла. Даволі часта ламаюцца граблі. Каб не спыніўся канвеер, прасілі дапамогі нават у фермера, — не хавае ён.
А вось да якасці закладкі сенажу ў гаспадарцы падход вельмі строгі. У ачышчаныя і пабеленыя траншэі закладваецца толькі правяленая маса. На трамбоўцы днём працуе два трактары, абсталяваныя прыстасаваннем для рассоўвання зялёнай масы. На ноч застаецца адзін.
Ёсць спадзяванне, што корманарыхтоўчы канвеер у ПП «Дружбінец» запрацуе больш шпарка. На днях у поле выйшаў яшчэ адзін здрабняльнік. Паскорыць тэмпы нарыхтоўкі кармоў дапаможа выкарыстанне рулонных прэс-падборшчыкаў, абмотчыка рулонаў сена. Яны ў сувязі з паляпшэннем умоў надвор’я рыхтуюцца да выхаду ў поле.