Сёлета Машканская школа дала пуцёўку ў самастойнае жыццё 12 сваім выпускнікам
У памяці настаўнікаў, вучняў малодшых класаў яны застануцца тым, што старанна засвойвалі школьную праграму, з поспехам абаранялі гонар школы ў розных спартыўных спаборніцтвах, не цураліся грамадска-карыснай справы, былі надзейнымі сябрамі.
Пра гэта на агульнашкольнай лінейцы, прысвечанай заканчэнню навучальнага года, гаварылі дырэктар школы Аляксандр Бяляцкі, настаўнікі, бацькі, госці. Усе яны жадалі выпускнікам знайсці свой шлях у самастойным жыцці, прасілі не забываць родных каранёў, запрашалі вярнуцца на малую радзіму пасля атрымання прафесійнай адукацыі. У прыватнасці, такія спадзяванні выказаў Сяргей Ліцяга, дырэктар СУП «Саўгас імя Машэрава». Гаспадарка традыцыйна падтрымлівае школу. Дапамагае ў падрыхтоўцы будынка да кожнага новага навучальнага года, робіць падарункі. Нядаўна школа атрымала ад саўгаса ноутбук. Не застаюцца ў даўгу школьнікі, якія кожнае лета прыходзяць на дапамогу вытворцам сельгаспрадукцыі.
Згодна са сцэнарыем школьнай лінейкі, яе ўдзельнікі падарожнічалі на цягніку. Далёка не ўсе «станцыі» на шляху гэтага транспартнага сродку былі прысвечаны выпускнікам. І ўсё ж аб яшчэ адной, пад назвай «апошні званок», сказаць трэба. Права абвясціць аб заканчэнні навучальнага года, даць апошні званок для выпускнікоў-2014 атрымала першакласніца Арына Казлова і адзінаццацікласнік Павел Салаўёў. Дарэчы, Павел вызначыўся са сваёй бліжэйшай будучыняй. Ён марыць стаць курсантам Магілёўскага вышэйшага каледжа Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Накіраванне для паступлення ў прэстыжную навучальную ўстанову хлопец атрымаў ад ЦК ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».
Будучыня. Заглянуць у яе ў той дзень спрабавалі не толькі выпускнікі Машканскай школы. Уручаючы ўзнагароды лепшым вучням, дырэктар установы адукацыі нагадаў пра тыя дасягненні, што мела школа, яе педагогі, навучэнцы за мінулы навучальны год. Але галоўнае, што дае ўпэўненасць у добрай перспектыве, — 22 першакласнікі, якія пераступяць парог Машканскай ДССШ у верасні.
Аляксандр ІЎЕЎ.