На месцы аэрадрома — кветкі
На дварэ восень. А значыцца, прыйшоў час пад-
водзіць вынікі конкурсу «Лепшы моладзевы падворак», арганізатарамі якога не першы год выступаюць аддзел па справах моладзі райвыканкама і РК ГА «БРСМ». На гэты раз удзел у ім прынялі 5 маладых сем’яў (ва ўзросце да 35 гадоў). На працягу паўгода яны ўпрыгожвалі свае сядзібы: разбівалі кветнікі, будавалі альтанкі… Што ў іх атрымалася, мы вам, паважаныя чытачы, раскажам на старонках нашай газеты. Сёння знаёмстваадбудзецца з сям’ёй з Багданаўскага сельсавета.
Сярод шэрагу аднатыпных аградомікаў у вёсцы Турава лёгка пазнаць дом сям’і Сініцкіх. Гэта сапраўдны кветкавы рай!
Яшчэ два гады назад тут толькі распачыналася будоўля. Сёння на месцы былога аэрадрома — новы пасёлак. Жывуць тут работнікі райаграсервісу.
Дом №20 атрымала маладая сям’я Сініцкіх. Наваселле Аксана і Сяргей справілі ў лютым мінулага года. А ў чэрвені нарадзілася доўгачаканая дачка Ліза. Вельмі радаваліся бацькі, што немаўля будзе расці ў сваім асабістым доме. Каб у ім было ўтульна, Аксана і Сяргей пачалі займацца добраўпарадкаваннем.
Вясной навазілі зямлі і разбілі кветнікі. Работы было шмат. Затое летам маладыя гаспадары і прахожыя дзівіліся, як прыгожа цвілі фіялкі, аксаміткі, астры, рамонкі…
Нават цяпер, калі на дварэ залатая восень, кветкі радуюць сваёй прыгажосцю.
— Планы ў нас вялікія. Каб давесці дом да толку, не адзін год спатрэбіцца,- расказвае Аксана Сініцкая.
У тым, што гэта будзе, жанчына не сумняваецца. Галоўнае, што ствараць утульнасць яны будуць разам з мужам. Сяргей хоць і заняты большую частку дня на працы, але заўжды знаходзіць хвілінку, каб дапамагчы жонцы па гаспадарцы. Працуе ён вадзіцелем у райаграсервісе ўжо каля 10 год. Неаднаразова станавіўся пераможцам розных сельскагаспадарчых конкурсаў, асабліва ўлетку, калі працаваў на камбайне. Няхай і на гэты раз фартуна ўсміхнецца Сініцкім.
Кацярына КАРПОВІЧ.
На здымку: Аксана Сініцкая з дачкой Лізай у царстве кветак.