Дзе змогуць адпачыць сенненскія школьнікі?

ГС За час летніх канікул у Сенненскім раёне запланавана аздаравіць 790 непаўналетніх. На гэтыя мэты раёну вы­дзелена 475 мільёнаў 400 тысяч рублёў за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання.

Каля 600 хлопчыкаў і дзяўчынак наведаюць школьныя лагеры з дзённым знаходжаннем, што будуць дзейнічаць у 15 установах адукацыі раёна.

150 юных спартсменаў будуць сумяшчаць адпачынак з трэніроўкамі ў спартыўным лагеры з дзённым знаходжаннем пры Сенненскай СДЮСШАР.

У жніўні свае дзверы для 120 школьнікаў расчыніць дзевяцідзённы кругласутачны лагер пры Багушэўскай санаторнай школе-інтэрнаце.

У ліпені раённы камітэт ГА «БРСМ» традыцыйна арганізуе працу дзевяцідзённага валанцёрскага лагера для 30 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Акрамя таго, будуць арганізаваны два лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем, здольныя прыняць 40 старшакласнікаў.