Купаваці духоўныя парывы

IMG_7660 Канстанцін Заслонаў. Імя легендарнага арганізатара супраціву фашыстам на Віцебшчыне аднолькава дорага аршанцам і сенненцам. У лакаматыўным дэпо Оршы восенню 1941 года ён кіраваў групай падпольшчыкаў-чыгуначнікаў. Калі ўзнікла пагроза арышту, патрыёты накіраваліся ў лясы Сенненшчыны,  дзе за кошт мясцовага насельніцтва група  хутка вырасла ў партызанскую брыгаду. Тут, у вёсцы Купаваць, Канстанцін Заслонаў прыняў свой апошні бой і быў пахаваны разам з іншымі загінуўшымі партызанамі. У пасляваенныя гады на месцы пахавання ўстанавілі памятны знак, прах партызанскага камандзіра перанеслі ў Оршу. З’явіўся помнік і на месцы пахавання партызан, байцоў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў ваколіцах Купаваці пазней.

Сёння на геаграфічнай карце раёна населенага пункта з назвай Купаваць няма. А вось урочышча Купаваць ператварылася ў своеасаблівы турыстычны аб’ект. Яго інфраструктуру складаюць некалькі макетаў зямлянак, акопаў, іншых абарончых збудаванняў, што імітуюць партызанскі лагер. Намаганнямі Студзёнкаўскага сельвыканкама і яго былога старшыні Васіля Бараноўскага створаны элементарныя ўмовы для размя­шчэння турыстаў. Ёсць месца, дзе можна разбіць палаткі, развесці касцёр. Абуладкаваны альтанкі, устаноўлены павеці са сталамі і лаўкамі. Таму ў Купаваці даволі часта бываюць аматары паходаў, моладзь, якая цікавіцца ваенным мінулым роднага краю.

На днях на месцы гібелі Канстанціна Заслонава пабывалі і выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба «Русічы», які дзейнічае ў Аршанскім ПТВ-110 будаўнікоў з 1988 года. Увесь гэты час ім нязменна кіруе Рыгор Шарай, былы афіцэр-дэсантнік. «У клубе займаюцца не толькі навучэнцы прафесійна-тэхнічнага вучылішча. Значную частку «русічаў» складаюць школьнікі, так званыя «цяжкія падлеткі». Іх маральныя каштоўнасці, адносіны да жыцця кардынальна мяняюцца пасля таго, як хлопцы і дзяўчаты пабываюць на месцах баёў, што ішлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, паўдзельнічаюць у раскопках, папрацуюць у інтэрнэце, каб устанавіць імёны загінуўшых за радзіму», — расказаў Рыгор Шарай.

У Купаваць з Оршы сябры клуба дабіраліся цэлы дзень. Некаторую частку шляху праехалі на дызель-цягніку, потым ішлі пешшу. Падобныя пераходы для іх звыклыя. Тым больш, што на гэты раз наперадзе чакала цікавая сустрэча, новая інфармацыя аб жыцці і подзвігу Канстанціна Заслонава і яго паплечнікаў. З ёй «русічаў» пазнаёмілі Ганна Сасноўская і Кацярына Балашова, навуковыя супрацоўнікі Аршанскага мемарыяльнага музея Героя Савецкага Саюза К. Заслонава, Алена Мяцельская, кіраўнік музея «Героі і подзвігі» аршанскай СШ №20. На сустрэчу з падлеткамі прыехалі Аляксандр Кулік, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце Аршанскага лакаматыўнага дэпо імя К. Заслонава, Эдуард Яўменаў, сакратар арганізацыі ГА БРСМ Аршанскага чыгуначнага вузла, іншыя прадстаўнікі калектыву чыгуначнікаў. Сенненскі раён прадстаўляла кіраўнік справамі Студзёнкаўскага сельвыканкама Святлана Хамянкова. Да помніка, устаноўленага на месцы пахавання партызан і байцоў, усклалі вянок, юнакі ў жалобе схілілі галовы. Прайшоў кароткі мітынг.

Хто мы? Адкуль мы? Дзеля чаго жывём? Падобныя пытанні ў юнацкім узросце сведчаць, як мінімум, аб душэўнай неабыякавасці. Важна, каб гэтыя высокія парывы былі падтрыманы. Купаваць якраз тое месца, што не дае патухнуць агеньчыку патрыятызму.

Наш кар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *