Начальнік цэха раслінаводства ПП «Дружбінец» Леанід Кавалеўскі вопытны спецыяліст, у якога за плячамі каля чатырох дзясяткаў гадоў працы ў сельгасвытворчасці

IMG_6481У сельгаспрадпрыемстве «Дружбінец» налічваецца 4632 гектары ворнай зямлі, ураджайнасць якой ацэньваецца ў 26 балаў. Нягледзячы на невысокі бал, прыватная сельгасарганізацыя практычна заўсёды знаходзіцца ў лідарах па ўраджайнасці зерневых. Нават у мінулым годзе, які з-за неспрыяльных умоў надвор’я для большасці гаспадарак раёна не стаў паказальным па выніках працы ў раслінаводчай галіне, у «Дружбінцы»  валавы збор зерня склаў 5412 тон пры ўраджайнасці 22,1 цэнтнера з гектара. Гэта трэці паказчык па раёне. Сёлета пад зерневыя і зернебабовыя культуры адведзена 1897 гектараў. Азімы клін займае плошчу ў 1203 гектары.

— Стан пасеваў азімых культур задавальняе, — адзначае Леанід Аляксеевіч. — Ды інакш і не павін­на быць! Усё зрабілі ў адпаведнасці з тэхналогіяй вырошчвання культур: выбраны папярэднікі, своечасова праведзены падкормкі, і зіма не была зацяжной, што таксама спрыяла захаванню азі­міны. Плануем атрымаць  не менш 34 цэнтнераў зерня з гектара азімых культур.

Любімая культура Леаніда Кавалеўскага — рапс. У апошнія гады пасяўныя плошчы пад яго значна павялічыліся. Сёлета азімы рапс размешчаны на плошчы ў 400 гектараў супраць леташняга 251-го.

— Люблю прыбытковыя культуры. А гэта маслічная культура поўнасцю сябе апраўдвае, нягледзячы на значную расходную частку (у абавязковым парадку праводзяцца апрацоўка пасеваў ад шкоднікаў і хвароб, хімпраполкі, падкормкі, уносіцца поўны комплекс мінеральных угнаенняў), — гаворыць Леанід Аляксеевіч, — што ў канчатковым выніку дае добры ўраджай масланасення.  Так, у мінулым го­дзе намалацілі 628 тон азі­мага рапсу, у сярэднім на круг — па 25 цэнтнераў. Яравога сабралі менш — па 20,1 цэнтнера з гектара. Да таго ж, рапс — гэта яшчэ і высокабялковы корм для жывёлы.

Сельгаспрадпрыемства «Дружбінец» — адна з гаспадарак раёна, дзе імкнуцца ўкараняць штосьці прагрэсіўнае. Першымі ў раёне пачалі плюшчыць зерне з дабаўленнем кансерванту, нарыхтоўваць правяленую травяную масу з прымяненнем тэхналогіі загортвання рулонаў у спецыяльныя ўпакоўкі. У гаспадарцы добра разумеюць, што збалансаваная кармавая база з’яўляецца першачарговай умовай для павышэння прадукцыйнасці жывёлы.

Між тым, у прафесію Леанід Кавалеўскі прыйшоў выпадкова. Нарадзіўся  і вырас ён у вёсцы Багданава Багданаўскага сельсавета Сенненскага раёна. маці працавала цялятніцай, бацька — механізатарам. Закончыўшы васьмігодку ў вёсцы Гарадзец, хлопец паехаў паступаць у Мінск у радыётэхнічны тэхнікум. Экзамены здаў, але не прайшоў па конкурсе. Тады аднакласніцы падштурхнулі падаць дакументы ў Лужаснянскі саўгас-тэхнікум. Паразважаў і вырашыў вучыцца на агранома. Гэты крок і вызначыў яго далейшае жыц­цё.

Скончыўшы наву­чаль­ную ўстанову па размеркаванні хлопец трапіў у калгас імя Ціміразева, дзе пачынаў брыгадзірам. Дыплом аб вышэйшай адукацыі атрымаў на завочным аддзяленні Вялікалукскага сельскагаспадарчага інстытута. Давялося папрацаваць на розных пасадах: аграномам і намеснікам старшыні ў вышэйназванай гаспадарцы, старшынёй калгаса «Ударнік», землямерам пры Нямойтаўскім сельскім Савеце, дырэктарам СВК «Нямойта». А  пасля рэарганізацыі сельгаскааператыва ў ПУП «Дружбінец» спачатку працаваў намеснікам дырэктара, а потым быў назначаны начальнікам цэха раслінаводства.

У сельгаспрадпрыемстве атрымліваюць добрыя вытворчыя паказчыкі ў галіне раслінаводства, у многім, дзякуючы галоўнаму тэхнолагу палёў, бо Леанід Кавалеўскі з тых, хто за справу бярэцца з адказнасцю, дабіваецца рашэння пастаўленых задач.

Ларыса

МУКАМОЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *