Машканскі майстра

IMG_7573Уладзімір Заяц, егер паляўнічай гаспадаркі ААТ «Марка-Сэрвіс», не толькі на выдатна спраўляецца са сваімі службовымі абавязкамі, але і актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці аграгарадка.

У Машканах сёлета на Дзень Перамогі быў адкрыты памятны знак у гонар пяці знакамітых ура­джэнцаў машканскай зямлі. Уладзімір Заяц разам з Валерыем Сіпаравым ініцыяваў праект, а потым увасобіў яго ў жыццё. Задумка прыйшла да майстра даўно. Аднак, то часу не хапала, то матэрыялу не было. Пакуль аднойчы ў лесе Уладзімір Міхайлавіч не знайшоў прыдатны, адшліфаваны прыродай камень. З дапамогай спецыялістаў машканскага ўчастка РУП ЖКГ і пры падтрымцы сельвыканкама валун прывезлі. Уласны гараж Уладзіміра Міхайлавіча на месяц ператварыўся ў майстэрню. Дарэчы стаў і нядаўна набыты для разьбы па метале апарат. Камень з выбітымі на металічнай шыльдзе прозвішчамі землякоў «пасадзілі» ў бетоннае «крэсла», усталявалі на будаўнічыя блокі, абклалі пліткай.

Гэта не першая творчая работа машканскага майстра. Яго рукамі выраблены барэльеф Пятра Машэрава на прыдарожных знаках на ўездзе ў Машканы, шыльды на бюстах Аляксандра Гараўца.

Памятны знак, па задумцы Уладзіміра Зайца, — гэта толькі пачатак вялікай кампазіцыі ў гонар славутых ураджэнцаў машканскай зямлі. З часам за ім з’явіцца клумба ў форме пяціканцовай зоркі, на ёй — назвы вёсак: Малчаны, Замошша, Шыркі, Машканы, дзе нарадзіліся З.Азгур, Л.Сіроткіна, П.Машэраў, І.Камінскі і А.Гаравец.

У свой час Уладзімір Заяц, ураджэнец Магілёўшчыны, скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, абараніў дыплопную работу па скульптуры. Некаторы час працаваў выкладчыкам малявання ў Машканскай школе. Нават змяніўшы сферу дзейнасці, працягвае тварыць. У кватэры Уладзіміра Зайца нямала сувеніраў, прадметаў хатняга інтэр’еру, зробленых яго рукамі з дрэва, са знойдзеных у лесе рагоў дзікай жывёлы. Многія вырабы аўтар падараваў сябрам. Так што з творчасцю Уладзіміра Зайца знаёмы многія. І не толькі ў Беларусі. Сярод паляўнічых, якія прыязджаюць за трафеямі ў «Марка-Сэрвіс», і рускія, і палякі, і немцы.

Ірына ГАРБАЧОВА.

НА ЗДЫМКУ: Уладзімір Заяц і яго памятны знак у гонар знакамітых машканцаў.