«Тэатральны экспрэс. Вайна, Каханне, Лёс…»

IMG_7508 Знакавай падзеі — 70-ай гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — прысвяцілі сёлетнюю «музейную ноч» сенненскія музейшчыкі.

З першых хвілін наведвальнікі ўстановы акунуліся ў ваеннае мінулае.  Выхаванцы ваенна-спартыўнага клуба «Спарта» прадэманстравалі ўзоры формы савецкіх салдат, адзен­ня партызан, макеты зброі, выкананыя ў рамках праекта «Зброя Перамогі», які ажыццявіў са сваімі вучнямі колішні настаўнік выяўленчага мастацтва СШ №2 г.Сянно, а цяпер навуковы супрацоўнік музея Васіль Бандарэвіч. У час леташніх раённых урачыстасцяў з нагоды Дня Перамогі адбылася прэзентацыя праекта. За год ён паспеў па­ў­дзе­ль­нічаць у розных выставах, у тым ліку і абласных. Сёлета калекцыя папоўнілася новымі экспанатамі і стала часткай музейнай выставы «Мы ідзём дарогамі вайны», якая расказвае пра ваенныя дзеянні, што адбываліся на тэрыторыі Сенненшчыны. З каментарыяў кіраўніка праекта наведвальнікі даведаліся пра цікавыя і незвычайныя факты з гісторыі стварэння зброі.

Эстафету «музейнай ночы» перанялі аматарскія тэатральныя калектывы. Адна з выставачных залаў ператварылася ў сцэнічныя падмосткі. І першымі на сцэну выйшлі акторы Багушэўскага народнага тэатра, калектыва з багатай і слаўнай гісторыяй. Сёлета тэатру спаўняецца 85 гадоў, 55 з іх ён носіць ганаровае званне «народнага». Сёння ім кіруюць Юрый Іваноўскі (рэжысёр) і Паліна Пя­да­чкіна (мастацкі кі­раўнік). Пастаноўкі ўрыўкаў з п’есы Віктара Ляпіна «Господа, товарищи, сволочи, дамы», а таксама шчырую гульню сама­дзейных актораў Канстанціна Бандарэнкі, Алены Мартынавай, Алены Ільюшэнка гледачы віталі гучнымі апладысментамі.

Вялікі тэатр пачы­наец­ца… са школьнага драмгуртка. У артыс­таў Багушэўскага тэатра падрастае неблагая змена з ліку выхаванцаў гуртка сцэнічных мініяцюр «Пазі­тыў» (кіраўнік Кацярына Скрыпачук), які пачаў сваю дзейнасць у лютым гэтага года пры гарпасялковым Доме культуры. Дзяўчаты паказалі інсцэніроўку «Пісьмы герояў, якіх няма. Жывыя пісьмы», пастаўленую па матывах вядомага верша савецкага паэта Аляксандра Качаткова «С любимыми не расставайтесь».

Тэма вайны — адна з галоўных і ў рэпертуары драматычнага гуртка «Першы крок да сцэны», які дзейнічае ў СШ №2 г.Сянно пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Наталлі Сачнёвай. Пранікнёна гучаў з вуснаў падлеткаў верш беларускага паэта, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Антона Бялевіча «Смерць Маланні».

Канечнай «станцыяй» «Тэатральнага экспрэса» стаў спектакль драматычнага гуртка «Тутэйшыя» Краснасельскага сельскага клуба «Серафімка» па п’есе Васіля Ткачова, напісанай па матывах аповяду­ класіка нашай літаратуры Васіля Быкава «Бліндаж». Да слова, сёлета майстру ваеннай прозы споўнілася б 90 гадоў.

Таксама госці маглі агледзіць выставу «Мы ідзём дарогамі вайны» і паўдзельнічаць у рэтра-караоке — паспяваць ваенныя песні пад сапраўдны патэфон.

«Ноч музеяў — 2014» закончылася, але Сенненскі гісторыка-краязнаўчы музей працягвае здзіўляць наведвальнікаў. На днях тут адкрылася выстава «Кераміка», дзе свае вырабы прадставілі народныя майстры Сенненшчыны, таксама можна ўбачыць керамічныя прадметы, якімі карысталіся ў побыце нашы продкі.

Вольга БАНДАРЭВІЧ. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *