Рады ахоўнікаў прыроды на Сенненшчыне ўмацоўваюцца

IMG_0121 Прайшоў другі раённы экалагічны фестываль «Моладзь за захаванне роднага краю». У экафоруме прынялі ўдзел прадстаўнікі пярвічных арганізацый ГА «БРСМ» 14 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна і валанцёрскі атрад «Вместе» Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

У намінацыі «Праект па добраўпарадкаванні і ланд­шафтным дызайне тэрыторый  устаноў адукацыі» ўдзельнічалі праекты стварэння тэматычных клумб, кветнікаў, рутарыяў, алей, прысвечаных малой Радзіме і 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захоп­нікаў. Многія прадстаўленыя на конкурс праекты ўражвалі арыгінальнасцю замысла, архітэктурна-планіровачным рашэннем, эстэтычна-экалагічнай накіраванасцю, арганічным спалучэннем з элементамі ландшафта.

У намінацыі «Не забывайце, людзі, пра зямлю!» прымалі ўдзел добраахвотныя аб’яднанні навучэнцаў, якія на валанцёрскіх пачатках добраўпарадкоўвалі і азелянялі тэрыторыі ўстаноў адукацыі, расчышчалі ад буралому лясныя масівы, высаджвалі саджанцы дрэў, ачышчалі тэрыторыі вакол вадаёмаў, аказвалі дапамогу тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Сянне і Багданаве.

Намінацыя «Наш клопат роднай зямлі» ўяўляла сабой конкурс фатаграфій, на якіх былі адлюстраваны канкрэтныя справы навучэнцаў па добраўпарадкаванні.

У намінацыі «Заклікаю цябе, Чалавек!» удзель­нікі фестывалю прадставілі творчыя работы ў форме рэпартажаў, бліц-апытанняў, заметак, нарысаў, вершаў, у якіх выказалі свае адносіны да праблем захавання прыроды.

Спонсарамі раённага экалагічнага фэсту выступілі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны.

сертыфікаты  ўдзель­нікаў і дыпломы пераможцаў экафестывалю юным эколагам уручылі старшыня арг­камітэта фестывалю Зоя Фаміна, прарэктар па выхаваўчай, інфармацыйнай рабоце ветакадэміі, кандыдат ветэрынарных навук Віталь Веліканаў, аспірант, мастацкі кіраўнік Дома культуры акадэміі Глеб Лапіцкі, аспірант, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» акадэміі Арцём Ігнаценка.

Першае месца ў раённым экалагічным фестывалі «Моладзь за захаванне роднага краю на тэрыторыі Сенненскага раёна» заняла каманда «Эка-мы» СШ №1 г.Сянно (кіраўнік каманды намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Шаўчэнка). Дыпломы пераможцаў атрымалі таксама каманды «Экалагічнае асарці» Сенненскай школы-інтэрната (кі­­раўнік намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Яўген Кісялёў) і «Зелёны патруль» Машканскай школы (кіраўнікі Алеся Валодзькіна, Таццяна Каранеўская і Валянціна Калеснікава). Усе тры каманды  заахвочаны і каштоўнымі падарункамі.

Актыўна ўдзельнічаў у добраўпарадкаванні тэрыторыі Сенненскага раёна валанцёрскі атрад «Вместе» Віцебскай ветакадэміі, які другі год прымаў удзел у экафестывалі. Сёлета валанцёры з абласнога цэнтра разам з навучэнцамі СШ №1 г.Сянно працавалі на навядзенні парадку ў прыбярэжнай зоне возера Сенненскае. Трэба адзначыць, што атрад «Вместе» сваімі добрымі справамі адзначыўся ўжо і на рэспубліканскім узроўні — летась заняў першае месца ў намінацыі «Лепшы валанцёрскі атрад сярод студэнцкай моладзі» рэспубліканскага конкурсу «Моладзь за чысціню гарадоў і сёл».

На заключным мерапрыемстве фестывалю байцы атрада былі ўзнагароджаны падзякамі і сувенірамі.

Памятныя сувеніры ад раённага выканаўчага камітэта атрымалі і прадстаўнікі  ветакадэміі.

Потым удзельнікі мерапрыемства з задавальненнем віталі на сцэне Глеба Лапіцкага, ужо як спявака, які падарыў прысутным некалькі сваіх песень.

Са словамі звароту ад усіх удзельнікаў другога раённага фестывалю выступілі прадстаўнікі  каманды «Эка-мы», сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» «Юность» Андрэй Вільчынскі — пераможца раённага конкурсу «Лідар-2014» і Марыя Шыбека, партрэт якой занесены сёлета на раённую Дошку гонару.

Дзякуючы правядзенню экалагічных фестываляў на Сенненскай зямлі, рады ахоўнікаў яе прыроды ўмацаваліся, бо ўдзел у падобных мерапрыемствах садзейнічае фарміраванню ў моладзі адказных адносін да навакольнага асяроддзя, разумення непарыўнай сувязі чалавечага грамадства і прыроды.

 Таццяна Буракова.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *