Восьмы фестываль «Песня застаецца з чалавекам» сабраў на сцэне Сенненскага Дома культуры работнікаў устаноў адукацыі

39       Сёлета ён быў прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Канцэртная праграма складалася з дзвюх намінацый — «Песня пра вайну» і «Песня-шлягер». Асобныя конкурсныя спаборніцтвы прадугледжваліся для салістаў, харавых калектываў, а таксама дуэтаў, трыа і вакальных груп. Праходзіў і традыцыйны конкурс на лепшае мультымедыйнае суправаджэнне музычнага нумара.

У рамках фестывалю песні мела адбыцца ўрачыстае падвядзенне вынікаў другога раённага экалагічнага фестывалю «Моладзь — за захаванне роднага краю на тэрыторыі Сенненскага раёна», таму ў ліку ганаровых гасцей у зале знаходзіліся члены аргкамітэта экафестывалю супрацоўнікі ўстановы адукацыі «Віцебская ордэна «Знак пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны»: прарэктар па выхаваўчай рабоце, кандыдат ветэрынарных навук, дацэнт Віталь Веліканаў; аспірант, выкладчык ветакадэміі Глеб Лапіцкі і сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» з правамі раённага камітэта акадэміі Арцём Ігнаценка.

Адкрыла фестываль Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама . Настаўніцтва Сенненшчыны дастойна нясе сваё высокае званне, адзначыла яна. Нягледзячы на занятасць і напружанасць працы, настаўнікі раёна сябруюць з песняй. Калі раней у фестывалі прымалі ўдзел толькі два харавых калектывы, то цяпер іх сем, зазначыла выступаючая. Намеснік старшыні райвыканкама пажадала ўдзельнікам фестывалю здароўя,   дабрабыту і заўсёды памятаць, каму мы абавязаны мірным небам над галавой.

Конкурсную канцэртную праграму песняй «Главный праздник» з поспехам распачалі дэбютанты фестывалю ўдзельнікі вакальнай групы «Сяброўкі» Яноўскай ДССШ. Цэлы блок выступленняў быў прысвечаны жанчынам на вайне і жанчынам-маці. Са сцэны фестывалю гучалі песні «Матерям погибших героев», «Фронтовые подруги», «Майский вальс», «Тальяночка» і іншыя.

Удала выступалі не толькі яго неаднаразовыя ўдзельнікі, такія як Ларыса Аўчыннікава з Багушэўскай СШ №1, Святлана Броўка з Яноўскай школы, Вольга Красноўская і харавы калектыў «Поющие сердца» з СШ №2 г.Сянно, Ірына Ягорава з Машканскай ДССШ, «Дыскатэка 80-х» Студзёнкаўскай школы і іншыя, але і дэбютанты.

Год назад дэбютавала на раённай сцэне вакальная група ветэранаў педагагічнай працы «Оптимисты». Сёння яе ўдзельнікаў можна па праве назваць вопытнымі артыстамі. Яны пастаянныя ўдзельнікі розных раённых  мерапрыемстваў, выступалі ў суседніх Бешанковічах і Талачыне. Добра паказалі сябе ветэраны-аптымісты і на сёлетнім форуме песні.

Усяго з фестывальнай сцэны прагучала 32 цудоўных творы. Але строгае кампетэнтнае журы начале з яго пастаянным старшынёй дырэктарам Сенненскай школы мастацтваў Іванам Смірновым усё ж  выбрала лепшыя з іх.

У намінацыі «Песня пра вайну» месцы сярод дуэтаў, трыа і вакальных груп размеркаваліся наступным чынам: першае — вакальная група «Оптимисты», другое — вакальная група  «Вдохновение» СШ №2 г.Сянно, трэцяе — трыа «Пламя» Беліцкай школы і вакальная група «Вечарынка» Багушэўскай СШ №1. Сярод салістаў у гэтай намінацыі лепшымі былі Вольга Красноўская (СШ №2 г.Сянно, 1 месца), Алена Грачыха (Багушэўская СШ №2, 2 месца) і Галіна Данілава (Ходцаўская СШ, 3 месца).

У намінацыі «Песня-шлягер» сярод дуэтаў, трыа і вакальных груп першае месца ў вакальнай групы Багушэўскай СШ №2, другое — у вакальнай групы «Звончыкі» Багданаўскай школы, трэцяе — у дуэта «Вдохновение» Багушэўскай санаторнай школы-інтэрната і вакальнай групы «Ивушки» Сенненскай школы-інтэрната. Салісты ў гэтай намінацыі выступілі наступным чынам. Першае месца раздзялілі Ірына Ягорава (Машканская школа) і Вольга Суднік (яслі-сад №1 г.Сянно), другое — Галіна Хурко (Багданаўская СШ) і Алена Стрыжнёва (яслі-сад №2 г.Сянно). Трэцяе месца ў Сяргея Гаспаровіча (Багушэўскі яслі-сад).

Першымі сярод харавых калектываў былі «Поющие сердца» (СШ №2 г.Сянно). Другое месца заняла «Мелодия» (СШ №1 г.Сянно). Трэцяе раздзялілі харавыя калектывы Багушэўскай СШ №2 і Нямойтаўскай ДССШ.

Журы прызнала лепшымі мультымедыйныя суправаджэнні музычных нумароў Алены Стрыжнёвай і вакальнай групы «Звончыкі». А прыз глядацкіх сімпатый дастаўся Вользе Суднік за выкананне песні «Птица душа».

Птушка-душа жыла ў гэты дзень ва ўсіх песнях, якія  выклікалі ў гледачоў толькі станоўчыя эмоцыі і дарылі толькі добры настрой.

Узнагароды пераможцам фестывалю ўручыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Дзергачова.

Бывай фестываль-2014! Да сустрэчы праз год фестываль-2015!

 Таццяна Буракова.

 

Восьмы фестываль «Песня застаецца з чалавекам» сабраў на сцэне Сенненскага Дома культуры работнікаў устаноў адукацыі: 1 комментарий

  • Понедельник, 19 май, 2014 в 16:33
    Permalink

    А что так сухо написали?????Многие из участников уже не первый раз забирают первые места,набирая максимальное количество баллов!!!!! Хотя б жителям Сенно о них рассказали,а не упомянули.Или фото людям показали,а то в стиле Бураковой- одних и тех же пропиарить….

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

    Ответ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *