Ко Дню работников физической культуры и спорта. Андрей Соловьёв — №1 в районе и в области
Нядаўна на Віцебшчыне прайшоў абласны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2014». У намінацыі «Працоўнае навучанне. Фізічная культура і здароўе. Выяўленчае мастацтва. Музыка» лаўрэатам стаў настаўнік фізкультуры Беліцкай ДССШ Андрэй Салаўёў (на .
У Віцебскай вобласці конкурс стартаваў 17 лютага. На пачатковым этапе ўдзел у ім прынялі 3 тысячы чалавек. Да суперфіналу дайшлі толькі 14. Па выніках апошняга былі выяўлены 7 пераможцаў — па адным у кожнай намінацыі.
Сёлетні конкурс стаў не толькі самым масавым і складаным у параўнанні з папярэднімі гадамі, ён відавочна памаладзеў: працоўны стаж настаўнікаў налічваў ад 2 гадоў. Канкурсант з Сенненшчыны ў педагагічнай сферы рупіцца ўжо 14 гадоў.
— Было вельмі складана, але цікава, — дзеліцца сваімі ўражаннямі Андрэй Цімафеевіч. — Спачатку спаборнічалі ў сваіх установах адукацыі. На раённым этапе ўдзельнікі давалі «адкрыты» ўрок у СШ №1 г.Сянно, дзе сярод траіх настаўнікаў фізічнай культуры я стаў першым. У абласным вочным туры патрабавалася правесці «адкрыты» ўрок у незнаёмым класе адной з віцебскіх школ, а таксама майстар-клас са студэнтамі ВДУ імя П.М.Машэрава.
Да раённага этапу конкурсу настаўнік рыхтаваўся самастойна, на абласным — прыйшлося папрацаваць усім. Вялікую дапамогу Андрэю Салаўёву аказала метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Грабнёва. «Як паказаць творчасць настаўніка не ў прывычнай спартзале, а на сцэне? Як правесці майстар-клас урока фізкультуры ў аўдыторыі, каб зацікавіць студэнтаў? Як распрацаваць граматна пабудаваны і разам з тым незвычайны ўрок? Усё гэта вымагала працы: карпатлівай, напружанай і складанай», — кажа Ірына Вітальеўна.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці Андрэй Салаўёў і яго група падтрымкі зрабілі немагчымае.
Усе хваляваліся і трымалі кулакі за свайго калегу, земляка, мужа і бацьку. У сваёй намінацыі сенненец саступіў некалькі балаў педагогу выяўленчага мастацтва з Наваполацка. Аднак сярод настаўнікаў фізкультуры Андрэй Цімафеевіч — першы.
Ірына ГАРБАЧОВА.