На Сенненшчыне адзначылі Дзень Перамогі

IMG_7309 Раніцай майскага дня цэнтральная плошча Сянна напоўнілася людзьмі: ветэранамі, прадстаўнікамі ўлады, грамадскасці, працоўных калектываў, жыхароў раёна. Многія прыходзілі сем’ямі.

 Ля мемарыяла «Алея Герояў» адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны 69-ай гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Галоўнымі асобамі на гэтым свяце, безумоўна, былі ветэраны. На жаль, з кожным годам іх рады змяншаюцца, і сёлета на ўрачыстасцях змаглі прысутнічаць толькі 6 удзельні­каў ваенных падзей. Сярод іх Генадзь Пятровіч Ганчарэнка, Сцяпан Паўлавіч Мяцеліца, Лідзія Міхайлаўна Шубка, Канстанцін Фёдаравіч Атрошкін, Канстанцін Антонавіч Паўлоўскі, Марыя Канстанцінаўна Марозава.

З віншаваннямі і па­дзякай да вэтэранаў і ўсіх сенненцаў звярнуўся выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Леанід Хірэвіч. Ён падкрэсліў, якую вялікую цану заплаціла  Беларусь і, у прыватнасці, наша Сенненшчына за Перамогу. Толькі на франтах Вялікай Айчыннай загінула каля 6000 ура­джэнцаў раёна, больш за тысячу — у партызанскіх атрадах і падполлі. За перыяд акупацыі фашысты знішчылі 2505 чалавек, 922 вывезлі ў Германію, спалілі 50 вёсак.

— Мы, нашчадкі пераможцаў, аддаём даніну павагі тым, хто перакрыў шлях нацызму: салдатам, працаўнікам тылу, партызанам, падпольшчыкам… І сёння доўг кожнага грамадзяніна зрабіць так, каб жыццё ветэранаў было доўгім і шчаслівым.

У сучаснай моладзі — асобая адказнасць за мір на зямлі, за захаванне памяці пра гераічнае мінулае. Менавіта пра гэта гаварылі ў сваіх выступленнях старшыня раённага савета ветэранаў Ядзвіга Сырават­кіна і старшыня пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» СШ №2 г.Сянно Анастасія Мяцеліца.

Свае віншаванні ў форме тэлеграмы сенненцам даслалі родныя Кічы-Батыра Хаіркізава і Юнуса Каракетава, Герояў Расіі, ураджэнцаў Карачаева-Чаркесіі, якія змагаліся ў партызанскіх атрадах і загінулі на Сенненшчыне, і чые партрэты змешчаны на Алеі Герояў.

У час мітынгу ўзгадалі і пра яшчэ адну значную падзею. У нядзелю, 11 мая, у нашай краіне адзначаўся Дзень Дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь. Права вынесці беларускі флаг было даручана старшыні пярвічнай аргані­зацыі ГА «БРСМ» СШ №1 г.Сянно, пераможцу  рэгіянальнага конкурсу «Лідар — новае пакаленне» Андрэю Вільчынскаму,  вуча­ніцы СШ №1 г.Сянно Марыі Шыбека, чый партрэт сёлета змешчаны на раённай Дошцы гонару, лаўрэатам звання «Чалавек года Віцеб­шчыны» Пятру Аге­еву, трактарысту-машыністу ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс», і Віктару Міхе­еву, электрагазазваршчыку РУП ЖКГ, старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Тамары Смірновай і старшыні раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Людміле Аніськовіч, чый партрэт таксама змешчаны на Дошцы гонару.

Скончыўся мітынг хвілінай маўчання і ўскладаннем кветак да помніка воінам-вызваліцелям.

А святочныя гулянні перамясціліся на сцэнічную і спартыўныя пляцоўкі. У гэты дзень на плошчы выступалі лепшыя калектывы і выканаўцы, ладзіліся выставы гісторыка-краязнаўчага музея, дома рамёстваў, працавалі забаўляльныя і гандлёвыя аб’екты. Аматары спорту спаборнічалі ў лёгкаатлетычнай эстафеце і велапрабегу. Увечары быў дадзены старт конкурсу «AVTO-ЛЕДИ-2014». Завяршыўся 69-ты Дзень Перамогі святочным феерверкам.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.