На варце з чатырохлапай напарніцай

1 На службе ў Сенненскім аддзяленні Дэпартамента аховы МУС РБ знаходзіцца 5 нямецкіх аўчарак: тры — у Сянне, дзве — у г.п.Багушэўск.

  Дзяніс Дзергачоў, міліцыянер-кінолаг групы затрымання Сенненскага аддзялення Дэпартамента аховы, па доўгу службы і па сваім унутраным перакананні цвёрда ўпэўнены: сабака — адданы сябар чалавека.

«Апроч таго, у сілавых структурах чацвераногага супрацоўніка не  заменяць нават дасягненні тэхнічнага развіцця», — дадае малады чалавек.

І на самой справе, разумны сабака і граматны спецыяліст-кінолаг разам могуць зрабіць шмат.

Дзяніс працуе ўсяго паўтара года. У яго абавязкі ўваходзіць ахова аб’ектаў, задача яго чорна-рыжай напарніцы па мянушцы Кора — пры неабходнасці аператыўна ўзяць след злачынца. За адносна непрацяглы перыяд чалавек і жывёла змаглі зарэкамендаваць сябе як адзі­ная мабільная каманда.

З Корай ён не расстаецца ні на хвіліну. Сабака жыве ў Дзяніса дома, у спецыяльным вальеры, таму на працу і з працы яны спяшаюцца разам.

Дзяніс з дзяцінства любіў сабак. Яшчэ калі праходзіў службу ва ўнутраных войсках, для сябе вызначыў, што абавязкова звяжа будучую працу з гэтымі разумнымі жывёламі. Нямецкая аўчарка Кора стала першай вялікай пакупкай маладога чалавека.

«Хацелася рабіць штосьці карыснае для майго горада, землякоў, — прызнаецца Дзяніс. — А пасада міліцыянера-кінолага дала магчымасць і ахоўваць спакой сенненцаў, і займацца любімай справай — працаваць з сабакам».

Сям’я Дзяніса не была супраць выбару сына. Дарэчы, яго бацька, Віктар Мартынавіч Дзергачоў, некалькі гадоў узначальваў раённы аддзел унутраных спраў, мае вялікі вопыт працы ў мі­ліцыі  і добра разумее, наколькі нялёгкая гэта справа.

Разам з Корай Дзяніс прайшоў курс вучобы ў кіналагічным цэнтры ў Віцебску. Сваё першае «баявое хрышчэнне» Кора атрымала ў пошуку зніклых хатніх катоў. А месяцаў пяць назад даказала ўсёй аператыўнай групе, што здатная і для больш сур’ёзных заданняў. Аўчарка дапамагла затрымаць злачынца, які абрабаваў кватэру. «Пачуццё гордасці тады ахапіла мяне за праведзеную Корай працу, — прызнаецца Дзяніс. — Адначасова было прыемна ўсведамляць, што і мае што­дзённыя трэніроўкі з ёй не прайшлі дарэмна».

На пытанне, што галоўнае ў працы з чатырохлапым таварышам, Дзяніс шчыра адказаў: цярпенне, бо, каб жывёла разумела гаспадара, патрэбны не тры дні. Працаваць давя­дзецца шмат, галоўнае, верыць у свайго сабаку і рабіць усё магчымае, каб ён, у сваю чаргу, давяраў вам.

Ала ЯКАЎЛЕВА.