7 мая — день работников радио, телевидения и связи. Связующий людей

 IMG_6897 Мікалай Бардзюкоў — адзін з нямногіх, у каго працоўная кніжка не спісана шматлікімі запісамі аб працаўладкаванні. Яго працоўны стаж у раённым вузле электрычнай сувязі Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам» налічвае 28 гадоў.

Пачынаў мужчына мантажнікам, праз колькі часу перавёўся ў механізатары. Замацаваны за ім некалькі гадоў назад трактар «Беларус-82.1» і сёння не падводзіць гаспадара.

Мікалай Бардзюкоў — адзіны спецыяліст у РВЭС, у абавязкі якога ўваходзіць правядзенне механізаваных работ. Гэта і рыццё траншэй для пракладкі электрычных кабеляў, і дэмантаж слупоў, і многае іншае. Працы хапае. Аднак мужчына не скардзіцца, бо паважае сваю справу.

«Пра Мікалая Уладзіміравіча мала сказаць «добры спецыяліст, — каментуе інжынер лінейнай сувязі і праваднога вяшчання Аляксандр Гарнак. — Гэта чалавек, які не ведае слова «цяжка». Руплівы, адказны супрацоўнік, на якога можна спадзявацца».

У РВЭС Мікалай Бардзюкоў трапіў выпадкова. Родам ён з Сенненшчыны, в.Меліхава. Калі абзавёўся сям’ёй, першы час жыў і працаваў у Віцебску. Пачынаў гальваністам на тэлезаводзе «Віцязь», яго жонка Тамара — на «Белтэлекаме» электрамеханікам. Аднак складаная сітуацыя з жыллём вымусіла маладых разгледзіць перспектыву пераехаць і працаўладкавацца ў Сянне. Так, у 1986 годзе Бардзюковы перабраліся ў райцэнтр. Мікалай уладкаваўся ў РВЭС, а вось яго другая палова, наадварот, знайшла сябе ў іншай прафесіі. Нягледзячы на такія акалічнасці, яны штогод віншуюць адзін аднаго са святам работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.

У вольны час Мікалай Уладзіміравіч любіць адпачываць на ўлонні прыроды. Шукае духоўнае заспакаенне, займаючыся справамі на дачы. А больш за ўсё яму па душы рыбалка. І хай часам не клюе, прызнаецца мужчына, падабаецца проста глядзець на бляск вады.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *