5 мая — День печати. Жизнь в фокусе

uiojo Сёлета «Голас Сенненшчыны» адзначае свой 96-ы год нара­джэння.  Большасць чытачоў ведае, завочна ці ўвачавідкі, прадстаўнікоў пішучай браціі. Але ёсць у журналісцкім палку тыя, хто заўсёды застаецца за кадрам у прамым сэнсе гэтага слова. Фотакарэспандэнт, фотакор… Як слушна заўважыў Юрый Іваноў, праслаўлены беларускі фотатворца, працы якога ўвахо­дзяць у 100 лепшых здымкаў свету, гэта згустак энергіі, паэт вобразаў, прадказальнік будучыні, сцэнарыст, рэжысёр і аператар у адной асобе. Усе гэтыя азначэнні можна справядліва аднесці і да ўраджэнца Сянна Леаніда Акулёнка. Больш як 50 гадоў ён піша аб’ектывам свайго фотаапарата гісторыю Прыдз­вінскага краю і яго жыхароў. З іх 34 гады адпрацаваў фотакорам у Бешанковіцкай райгазеце «Зара». Але яго шлях у прафесію пачаўся з сенненскай «раёнкі».

 

Першыя крокі ў магічны свет фатаграфіі ён зрабіў яшчэ ў 5 класе. Асновы майстэрства спасцігаў у гуртку пры Доме піянераў. Кіраваў ім фатограф мясцовага фотаатэлье Міхаіл Зязюлін. Праз год ва ўрачыстай абстаноўцы гурткоўцам уручылі пасведчанні інструктара па фотасправе. Тады Леанід Акулёнак і не думаў, што дзіцячая забава перарасце ў прафесію.

У вольны час ён не разлучваўся з фотаапаратам, здымаў пры кожнай магчымасці. Больш за ўсё вабіла прырода.

Першым «узбраеннем» стаў старэнькі бацькоўскі «Фотакор» — вельмі нязручны ў транспарціроўцы і здыманні. Каб зрабіць здымак, да задняй сценкі фотаапарата, усталяванага на штатыў, прымацоўвалася рамка з матавым шклом, па якім  наводзілася рэзкасць. Пасля рамка вымалася, а на яе месца ўстаўлялася касета са светаадчувальнай плёнкай. Далей чакаў працаёмкі працэс праяўлення здымка. У хуткім часе на заробленыя ў калгасе грошы юнак набыў больш сучасны апарат «Смена-4». Ім можна было рабіць ажно 36 кадраў! А колькі было шчасця, калі бацька ўручыў юнаку новенькі «Мір».

Пасля заканчэння школы Леанід Мікалаевіч уладкаваўся ў фотаатэлье, да свайго былога настаўні­ка Міхаіла Зязюліна. Ужо праз 6 месяцаў атрымаў спецыяльнасць майстра-фатографа.

Свае здымкі хлопец дасылаў у рэдакцыю райгазеты. Там яго заўважылі і неўзабаве запрасілі на працу. Так, у 1966-м Леанід Акулёнак стаў фотакорам тады яшчэ «Ленінскай іскры». Гэта быў вялікі гонар і адказнасць для 18-гадовага юнака. З цеплынёй Леанід Мікалаевіч узгадвае сваіх настаўнікаў у журна­лістыцы і ў першую чаргу галоўнага рэдактара Пятра Бельскага. Новая работа прыносіла задавальненне, бо гэта была магчымасць глыбока пазнаёміцца з жыццём жыхароў Сенненшчыны і адлюстроўваць яе на сваіх здымках. На рэдакцыйным матацыкле Акулёнак пракалясіў нямала кіламетраў, заязджаў у самыя аддаленыя куточкі раёна.

У тыя далёкія часы, каб надрукаваць здымак у газеце, патрабавалась зрабіць клішэ — цынкавая пласціна з выявай неабходнай фатаграфіі. Большая іх частка выраблялася ў рэспубліканскай тыпаграфіі ў Мінску. І толькі праз 5-6 дзён на пошту разам з цэнтральнай прэсай на адрас рэдакцыі прыходзіў важкі пакет з гатовымі клішэ. Іх трэба было яшчэ наклеіць на спецыяльныя калодачкі і звярстаць паласу, якую потым пераносілі на друкарскі станок.

У 1967 годзе ў рэдакцыі з’явіўся свой электронна-гравіравальны станок. Ён дазваляў рабіць клішэ на месцы. Замацавалі агрэгат за… Леанідам. Цяпер ён забяспечваў поўны працэс паступлення фотаілюстрацый у газету.

У 1967 годзе маладога чалавека прызвалі ў армію. Служыў у Германіі, Прыбалтыцы. Але і там не расставаўся з фотаапаратам: здымаў для вайсковых газет, стэндаў. Многія яго аднаслужыўцы павезлі дамоў адмысловыя дэмбельскія альбомы, якія для іх рабіў Леанід. Дэмабілізаваўшыся, ён стаў перад выбарам працы. Была магчымасць уладкавацца ў Мінску, на завод. Ды тлумны горад не па ім. Яго цягнула да прыдзвінскіх палёў, лясоў, азёр.

У 1970-м  Леанід Мікалаевіч стаў фотакорам Гарадоцкай «раёнкі». А праз 4 гады ён канчаткова перабраўся ў Бешанковічы. Тут на маляўнічым улонні Заходняй Дзвіны сустрэў сваю другую палавінку. Тут нарадзіліся абедзве дачкі, унукі. Тут ён сталеў і ў прафесійным плане. У 1978-м стаў членам Беларускага саюза журналістаў (вось ужо 20 гадоў узглаўляе рэдакцыйную пярвічку). У 1981 скончыў Усесаюзны завочны факультэт фотажурналістыкі пры «Фотацэнтры» Саюза журналістаў СССР. Прымаў удзел у многіх творчых конкурсах, у тым ліку быў неаднаразовым пераможцам абласных экалагічных і моладзевых конкурсаў. З 2008-га Леанід Мікалаевіч на заслужаным адпачынку. Праўда, фотаапарат і на пенсіі з рук не выпускае: фатаграфуе для гісторыі, папаўняе фотаэкспазіцыі «Пад мірным небам Беларусі», «Жывуць герояў імёны ў бессмяротнай памяці народа». Адна з іх выстаўлялася і ў Сянне. У яго скарбонцы таксама два фільмы і кніга, прысвечаныя Бешанковічам. Яшчэ адно выданне расказвае пра жыццё і творчасць аўтара. У планах Леаніда Акулёнка стварыць фільм і пра роднае Сянно.

У лічбавы век  усе гэтыя негатывы, рэактывы і інш. успрымаецца большасцю як архаізмы. Але, на думку Леаніда Мікалаевіча, якасць фатаграфіі толькі пагаршаецца, бо кожны ўладальнік фотаапарата лічыць сябе майстрам кадра і мала думае над такімі паняццямі, як кампазіцыя, дынаміка, сюжэт. Але нават самы наварочаны прыбор не здымае сам. Добрыя здымкі робіць добры фатограф — такі, як Леанід Акулёнак.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота з архіва Л.Акулёнка.               

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *