Ко Дню Чернобыльской трагедии. Тот жаркий, радиоактивный май…

IMG_6497У ноч на 26 красавіка 1986 года  на 4-ым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС адбылася найбуйнейшая ў гісторыі сусветнай атамнай энергетыкі аварыя. Сёння прыходзіць разуменне жудасных наступстваў трагедыі. А тады, 28 гадоў назад, цёплым красавіцкім днём, мала  хто ўяўляў сабе смертаносную небяспеку нябачнага ворага — радыяцыі.

Не ведаў пра яе і малодшы лейтэнант Юрый Булыня. Ён быў адным з першых сенненцаў, каго накіравалі на ліквідацыю аварыі. Адмовіцца ад небяспечнай каман­дзіроўкі можа і мог, малады чалавек быў на той час жанаты, але, як кажа Юрый Анатольевіч, калі надзеў пагоны, то выконвай загад. Тры гадзіны на зборы, і 15 мая 1986 года 23-гадовага інспектара дзяржаўнага пажарнага нагляду разам з іншымі ўраджэнцамі Віцебшчыны адправілі ў 30-кіламетровую зону.

Рассялілі ў сельскай школе Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. У задачу ліквідатараў уваходзіла ахоўваць парадак, не дапускаць марадзёрства і падпалаў у адселеных вёсках. Працавалі па 12 гадзін у суткі: патрулявалі населеныя пункты, дзяжурылі на блокпастах. Для мер  засцярогі ім выдалі рэспіратары ды дазіметры. Пасля службы абавязкова прымалі душ. Харчаваліся сухпайкамі, мясцовыя прадукты, ваду стараліся не ўжываць. З незвычайнага ўспамінае Юрый Анатольевіч дзіўную для вясны спёку, даходзіла за +30 0С. Больш месяца ён пражыў на забруджанай тэрыторыі. Як ліквідатар аварыі на ЧАЭС атрымаў медаль і адпаведнае пасведчанне.

З узростам Чарнобыль дае пра сябе ведаць. Захворванні лёгкіх часта турбуюць майго субяседні­ка. Аднак скардзіцца ён не прывык, як і адпачываць. Пасля выхаду на пенсію ў 2001-ым здолеў вытрымаць дома не больш за паўгода. Дагэтуль Юрый Анатольевіч прайшоў ці не ўсе службовыя ступені. Быў начальнікам дзяржаўнага пажарнага нагляду Сенненскай пажарнай часці, намеснікам начальніка раённай пажарнай службы, начальнікам службы пажаратушэння і ліквідацыі надзвычайных сітуацый пажарнай службы. За час працы ён бачыў і ліквідаваў нямала надзвычайных здарэнняў. Але тую чарнобыльскую камандзіроўку Юрый Булыня не забудзе ніколі.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.         

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *