Рэчаіснасць патрабуе новых падыходаў

У сярэдзіне мінулага тыдня старшыня райвыканкама Э.М.Герасіменка  тэрмінова склікаў пазапланавую нараду, на якую запрасіў адказных асоб з ліку супрацоўнікаў службаў і аддзелаў раённага выканаўчага камітэта, кіраўнікоў прадпрыемстваў і іншых работнікаў, замацаваных за сельскагаспадарчым вытворчым кааператывам «Ульянавічы».

 Чым была выклікана гэта нарада?  Кіраўнік раёна, асабіста наведаўшы вышэйназваны сельгаскааператыў, застаўся  вельмі незадаволены. А таму меў намер прад’я­віць шэраг прэтэнзій адказным работнікам і выслухаць іх думкі  наконт  выпраўлення становішча.

 Адразу хачу заўважыць, што большасць недахопаў  можна было ліквідаваць, не чакаючы, пакуль спатрэбіцца ўмяшанне старшыні райвыканкама. Рашэнне многіх пытанняў не патрабавала нейкай складанай, доўгачасовай падрыхтоўкі ці вялікіх матэрыяльных выдаткаў.

 Гутарку з запрошанымі на нараду Эдуард Герасіменка пачаў з цалкам справядлівага сцвярджэння:  наша задача — не проста пасеяць — кінуць у зямлю зерне, трэба, каб гэта зерне дало добры ўраджай, каб былі кармы, малако, грошы. Але, відаць, як ні дзіўна, што ў СВК «Ульянавічы» такой простай рэчы не разумеюць, бо пасяўныя агрэгаты задзейнічаны не на поўную магутнасць. Некаторыя ў такі вырашальны час прастойваюць. Упускаюцца тэрміны,   якія потым не нагоніш.

 У адказ  на пытанне, чаму ў СВК «Ульянавічы» МАЗы працуюць без прычэпаў, прагучалі розныя версіі. На самой справе, як высветліў Э.М.Герасіменка ў час наведвання СВК,  прычыны да банальнага простыя і з’яўляюцца вынікам безгаспадарчасці і абыякавасці інжынернай службы  да сваіх прамых абавязкаў. Так, да аднаго МАЗа прычапіць прычэп нельга таму, што «згнілі» фішкі — дэталі, з дапамогай якіх адбываецца злучэнне. Прычым, не якія-небудзь дарагія ці дэфіцытныя дэталі, а самыя што ні  ёсць простыя і зусім танныя.

 На другім аўтамабілі не карыстаюцца прычэпам па прычыне, якая таксама не вартая і выедзенага яйка: у вадзіцеля няма адпаведнай катэгорыі допуску да работы з прычэпам. Старшыня райвыканкама заўважыў, што можна было арганізаваць вучобу шафёра на курсах і адкрыць неабходную катэгорыю.

 У сельгаскааператыве працуюць механізатары з вёсак Багданава і Ульянавічы, з райцэнтра. Дабіраюцца да месца работы кожны паасобку, і кожнаму трэба выдзяляць дызпаліва (заўважце — дзяржаўнае). Пра  цэнтралі­заваны падвоз работнікаў ніхто і не думаў. Дык аб якім гаспадарчым падыходзе можа ісці размова. Не спрацавалі тут, заўважыў старшыня райвыканкама, і памочнікі з раёна, адказныя за гаспадарку.

 Яны, да таго ж, як і кіраўніцтва СВК, відаць, маюць слабае ўяўленне  пра тое, якім павінен быць санітарны стан тэрыторыі машынна-трактарнага парка. А яна захламленая, засмечаная, фундаменты будынкаў не абкошаныя. Аўтару гэтых радкоў было нават дзіўна і не зразумела, чаму старшыні райвыканкама трэба вучыць такім элементарным рэчам людзей, якія не першы год працуюць у сельскай гаспадарцы. Было сорамна за іх, і міжволі з’явілася думка: якіх жа мы можам чакаць вынікаў ад сельгасвытворчасці, калі не робіцца нават элементарнае. І хто гэта сказаў,  што сельская гаспадарка — абавязкова бруд і беспарадак? А можа трэба ўсяго толькі пазбавіцца ад бруду і беспарадку ва ўласных сумленні і свядомасці. Тады і ўгнаенні не будзем сыпаць у шчэбень, і рапс прададзім, не чакаючы, пакуль сапсуецца, і грошы, выдзе­леныя на сушыльны комплекс, своечасова трапяць па прызначэнні, з людзьмі знойдзем агульную мову, каб скараціць да мінімуму нявыхады на работу,спраўляцца сваімі сіламі, а не прыцягваць столінцаў,адшукаем магчымасць здаць металалом і адпрацаваную рызіну…

  Але над гэтым усім неабходна думаць, аналізаваць сваю работу і сітуацыю ў гаспадарцы, шукаць новыя рашэнні праблем і выхады са складаных становішчаў.

 Аднак ніякіх канструктыўных прапаноў у час нарады старшыня райвыканкама не пачуў. Кожны, да каго кіраўнік раёна звяртаўся, стараўся застацца ў цені, быццам яго хата з краю. Ці, як старшыня Багданаўскага сельскага Савета В.С.Мурашкевіч, выказваў даволі спрэчныя сцвярджэнні, накшталт таго, што нашы — не столінцы, ім заплаці хоць 100 тысяч у дзень, працаваць усё роўна не будуць. Такія прымірэнчыя і ўпадніцкія думкі не могуць быць падтрымкай у рабоце, не дапамогуць  шукаць новыя рашэнні. «Учотчыкі» ў наш час непатрэбныя, заўважыў  кіраўнік раёна, рэчаіснасць патрабуе новых падыходаў.

 Звычайнымі ўшчуваннямі на словах нарада не скончылася.  Старшыня раённага выканаўчага камітэта прыняў шэраг дысцыплінарных рашэнняў, якія тычыліся пасадавых асоб, што не жадалі працаваць з поўнай аддачай, з-за чаго склалася такая непрыглядная карціна ў СВК «Ульянавічы».

Таццяна Буракова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *