Слесар-інтэлектуал з добрым мастацкім густам

OLYMPUS DIGITAL CAMERAУ РВУ «Сяннорайгаз» Віктар Шафранскі працуе слесарам па абслугоўванні і рамонце газавага абсталявання. Таму найчасцей яго рабочае месца на будаўнічым аб’екце. Пры пракладцы газа­праводаў ён займаецца падрыхтоўкай траншэй да ўкладкі поліэтыленавых труб і іх зваркай. Пры неабходнасці замяняе аператара аўтазаправачнай станцыі (на здымку).

Віктар Шафранскі не аднойчы заахвочваўся адміністрацыяй арганізацыі, яго партрэт у 2012 годзе быў занесены на Дошку гонару УП «Віцебскаблгаз». І не толькі за выкананне вытворчых заданняў. Віктар удзельнічае ў мастацкай самадзейнасці, захапляецца спортам. У абласной спартакіядзе, якая штогод праводзіцца ва ўнітарным прадпрыемстве сярод філіялаў, не раз станавіўся пераможцам  у спаборніцтвах па дартсе.

У маладога мужчыны ўмелыя рукі, добры мастацкі густ. Яго работы з прыроднага матэрыялу пастаянна адзначаюцца на розных творчых выставах, упрыгожваюць кватэры сяброў і родных. Шматлікія захапленні, разнапланавая вытворчая дзейнасць дапамаглі замацавацца ў камандзе інтэлектуалаў РВУ «Сяннорайгаз», якая неаднаразова перамагала ў раённай гульні «Што? Дзе? Калі?»