Инспектор труда: чаще всего сенненцы жалуются на невыплату зарплаты

охрана трудаЗа апошнія тры месяцы мінулага года Лепельскім міжраённым аддзелам Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы на прадпрыемствах Сенненскага раёна праведзены чатыры праверкі, у тым ліку дзве  пазапланавыя, на падставе пісьмовага звароту фізічнай асобы і па заяве суб’екта гаспадарання. Выяўлена 42 парушэнні, выдана два прадпісанні на ўхіленне 20 парушэнняў працоўнага заканадаўства. Хто запрасіў інспектараў працы на сваё прадпрыемства сам, работнікі якой арганізацыі звярнуліся ў інспекцыю ў сувязі з парушэннем іх законных правоў, а куды спецыялісты з Лепеля наведаліся па ўласнай ініцыятыве, расказвае Алег Курцаў, інспектар працы.

— Алег Леанідавіч, на якіх прадпрыемствах з правераных больш за ўсё выяўлена парушэнняў? Чым гэта тлумачыцца?

— У прыватным вытворчым унітарным прадпрыемстве «Борнас» праводзілася планаваная праверка. Гэта значыць, што пра яе ведалі задоўга да пачатку, павінны былі рыхтавацца. Тым не менш у час праверкі выяўлена 23 парушэнні. У ліку самых грубых — адсутнасць правілаў унутранага распарадку, інструкцый для пасадавых асоб, функцыянальных абавязкаў для работнікаў. Іх, дарэчы, пры прыёме на працу нават не знаёмяць  з умовамі і аплатай працы, не тлумачаць правы і абавязкі. Дапушчаны парушэнні пры запаўненні працоўных кніжак работнікаў, перыядычнасці выплаты заработнай платы (радзей двух разоў на месяц), што недапушчальна ў адпаведнасці з працоўным заканадаўствам. У выніку ўпаўнаважаная пасадавая асоба наймальніка прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу.

— Што прывяло інспектараў працы ў дзяржаўнае прадпрыемства ПМК-64? Ведаю, што там вы пабывалі не з планавай праверкай…

— У Лепельскі міжраённы аддзел звярнуўся былы работнік будаўнічага прадпрыемства ў сувязі з несвоечасовай выплатай заробку. Да таго ж пасля звальнення яму не выдалі канчатковы разлік. Пры правядзенні праверкі былі выяўлены і іншыя парушэнні, за што адміністрацыя прадпрыемства прыцягнута да адказнасці ў выглядзе штрафу.

— Ці часта і з якімі праблемамі да вас звяртаюцца жыхары Сенненскага раёна?

— Найчасцей людзі пішуць у сувязі з нявыплатай заработнай платы. Такія пісьмы былі адрасаваны нам з саўгаса імя Данукалава, ПМК-64. Акрамя таго за несвоечасовую выплату работнікам зарплаты штрафы накладваліся на акцыянерныя таварыствы «Сенненскі райаграсэрвіс», «Ульянавічы», «Белая Ліпа», «Сінягорскае», «Пурплева», «Бяленева», УП імя Гараўца, Сенненскае ПМС і іх кіраўнікоў.  Людзі звярталіся ў сувязі са зменамі наймальнікам умоў працы без папярэджання, парушэннем парадку спынення працоўных дагавораў. Як правіла, усе факты і парушэнні, выкладзеныя ў зваротах, пацвярджаюцца.

Мы правялі аналіз зваротаў з Сенненскага раёна. Ён сведчыць аб нізкай растлумачальнай рабоце па працоўным заканадаўстве, якая павінна праводзіцца пасадавымі асобамі на прадпрыемствах і ўстановах. Мае месца недастатковы ўзровень ведаў працоўнага заканадаўства спецыялістамі бухгалтэрыі і кадравых службаў. Менавіта таму сёлета запланавана правесці ў Сянно семінар па заканадаўстве аб працы.

— На прыватным гандлёва-транспартным унітарным прадпрыемстве «Озер» (г.п. Багушэўск) вы пабывалі па ініцыятыве яго заснавальнікаў. Пракаменціруйце гэты факт.

— Я б назваў яго станоўчым і дальнабачным. Па выніках праверкі мы выдалі прадпісанне на ўхіленне выяўленых парушэнняў заканадаўства аб працы, але без штрафных санкцый. Праверка многаму навучыла работадаўцу, дапаможа ўхіліць недапрацоўкі, а галоўнае паслужыць папярэджанню магчымага ўзнікнення канфлікту паміж работнікамі і работадаўцай, уладнымі структурамі і работадаўцай. На мой погляд, менавіта так павінны дзейнічаць усе ўпаўнаважаныя асобы дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў. Асабліва там, дзе кіраўнікамі прызначаюцца новыя людзі, пры ўзнікненні новых прадпрыемстваў.

Гутарыў Аляксандр ІЎЕЎ.