На “Экалагічны абардаж” запрасілі чытачоў супрацоўнікі Сенненскай дзіцячай бібліятэкі
Узаемадзеянне чалавека з прыродай з’яўляецца адной з самых сур’ёзных праблем сучаснасці. Таму экалагічнае выхаванне падрастаючага пакалення мае вельмі важнае значэнне. Памятаюць пра гэта і работнікі Сенненскай дзіцячай бібліятэкі. Нядаўна тут правялі пасяджэнне КВЗ «Экалагічны абардаж».
У інтэлектуальным спаборніцтве прынялі ўдзел вучні 5 «б» класа СШ №2 г.Сянно. Раздзяліўшыся на дзве каманды (хлопчыкаў — «Вадарод» і дзяўчынак — «Кісларод»), школьнікі выконвалі розныя заданні, адгадвалі загадкі, удзельнічалі ў віктарынах і гульнях, рашалі крыжаванку. Як у сапраўдным КВЗ былі тут і размінка, і прадстаўленне каманд, і абарона дамашняга задання.
Асабліва ажыўлена прайшла жартоўная гульня «Хамячок». Яе ўдзельнікам трэба было з цукеркамі ў роце расказаць вершык. З гэтым заданнем, як, дарэчы, і з усімі астатнімі, і хлопчыкі і дзяўчынкі паспяхова справіліся. Але ў выніку з невялікай розніцай у балах перамагла каманда «Кісларод». А ўвогуле дзеці паказалі нядрэнныя для іх узросту веды па экалагічных пытаннях.
Гледачы-балельшчыкі былі таксама ўцягнуты ў гульню вядучымі КВЗ бібліятэкарамі Валянцінай Цярэнцьевай і Таццянай Прачуханавай.
Таццяна Буракова.