Кому выезд за границу заказан

ГСУ Беларусі створаны банк даных аб грамадзянах краіны, правы на выезд якіх за мяжу часова абмежаваны. Ён дзейнічае на падставе палажэння, зацверджанага Указам Прэзідэнта ад 17 снежня 2007 года. Аднак да гэтага часу некаторыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, у тым ліку жыхары раёна, са здзіўленнем даведваюцца пра гэта пры спробе выехаць за межы краіны. Менавіта таму мы папрасілі старшага інспектара групы па грамадзянстве і міграцыі Сенненскага РАУС Наталлю Булыня адказаць на некаторыя пытанні.

 — Наталля Міхайлаўна, хто можа патрапіць у спіс асоб, для якіх выезд з Беларусі часова абмежаваны?

— Традыцыйна, выезд за мяжу можа быць на некаторы час забаронены людзям, якія валодаюць інфармацыяй пра дзяржаўную тайну. Акрамя таго ў спіс на часовыя абмежаванні могуць патрапіць асобы ў сувязі з прызнаннем іх падазронымі ці абвінавачанымі па крымінальных справах, з асу­джэннем за здзяйсненне таго ці іншага злачынства, з устанаўленнем прывентыўнага нагляду, з невыкананнем без паважлівых прычын маёмасных, падатковых ці іншых абавязкаў перад Рэспублікай Беларусь, яе адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі, фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, што ўстаноўлена ўступіўшымі ў законную сілу судовымі пастановамі ці выканаўчымі дакументамі. Не зможа выехаць за межы краіны той, каму прад’яўлены грамадзянскі іск у судзе, калі ён з’яўляецца банкротам ці зацікаўленай асобай у адносінах даўжні­коў-юрыдычных асоб, а таксама ў сувязі з ухіленнем ад яўкі на мерапрыемствы па прызыве на ваенную службу, службу ў рэзерве, калі знаходзіцца на прафілактычным уліку ў органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

— Гэта інфармацыя закрытая? Як даведацца, што ты — «не выязны»? Па месцы жыхарства такую інфармацыю можна атрымаць?

— Так, любы грама­дзянін Рэспублікі Беларусь можа атрымаць такую інфармацыю пра сябе ці асобу, законным прадстаўніком якой ён з’яўляецца. Абгрунтоўваць свой зварот не патрабуецца. Звесткі, што ўтрымліваюцца ў банку даных, выдаюцца грама­дзяніну ў форме даведкі пры асабістым звароце ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў, дыпламатычнае прадстаўніцтва, консульскую ўстанову. Для  атрымання такой даведкі неабходна прад’явіць дакумент, які сведчыць аб асобе заяўніка. Калі выпіска з банка даных неабходна ў адносінах асобы, інтарэсы якой прадстаўляе іншы чалавек, спатрэбіцца таксама дакумент аб асобе грама­дзяніна, законным прадстаўніком якога з’яўляецца заяўнік, і дакумент, які пацвярджае паўнамоцтвы законнага прадстаўніка.

— Як хутка такі дакумент выдадуць?

— Звесткі, якія ўтрымліваюцца ў банку даных, прадастаўляюцца па запыце грамадзяніна бясплатна і не пазней аднаго рабочага дня пасля падачы дакументаў у РАУС. Пры звароце ў дыпламатычнае прадстаўніцтва ці консульскую ўстанову Рэспублікі Беларусь давядзецца чакаць да 10 рабочых дзён.

Гутарыў Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.