На новы тэхнічны рэгламент
Якасць малака — велічыня непастаянная і вельмі капрызная. Як тая шляхцянка, яна патрабуе пастаяннай увагі да сябе. Інакш…
У СВК «Студзёнка» ў інфармацыі аб продажы малака ў графе «экстра» за 8 месяцаў значыцца лічба 2,7%, у жніўні — адзнака, якая сведчыць, што малако такой якасці на перапрацоўку не паступала. У КУСГП імя Гараўца не стала малака вышэйшага гатунку. А было ж. Летась у такую пару яго доля складала 75,9%, за 8 месяцаў 2010 года — 46,9, у ліпені — жніўні не стала ўвогуле. Зніжэнне якасці пачалося не ўчора. Пра упушчэнні, якія маюць месца на фермах, вядома кіраўніцтву і спецыялістам гаспадаркі, даяркам, якія, безумоўна, губляюць у заработнай плаце. Але мер ніякіх не прымаецца. Ва ўсякім разе эфекту ад іх пакуль не бачна. У выніку ў апошні месяц лета КУСГП імя Гараўца выйшла ў «лідэры» па продажы малака другога гатунку — 16,9%. Толькі крыху менш малака такой якасці прадаюць у СВК «Ясная зара» — 13,6%.
— Чаму малако нізкай якасці рэалізуецца з ферм сельгаскааператываў «Пурплева» і «Кругляны», не сакрэт. У пачатку года з апошняй гаспадаркі частка прадукцыі прадавалася вышэйшым гатункам, бо малако з фермы вёскі Канстантова дастаўлялася на перапрацоўку асобным транспартам. Ёсць такая магчымасць і зараз. Але яна чамусьці не выкарыстоўваецца.
Некаторыя станоўчыя зрухі ў якасці рэалізуемага малака зафіксаваны ў СВК «Пурплева». З пачатку года вышэйшым гатункам рэалізавана 21,4% малака (летась такой якасці прадукцыі не было ўвогуле), у жніўні — 55,5%. Але ў гаспадарцы так і не выкаранілі практыку фальсіфікаваць прадукцыю вадой.
Якасць малака — велічыня не пастаянная. Але яна можа і павінна быць стабільна высокай. Для гэтага на фермах ёсць усе тэхналагічныя магчымасці. Іх трэба выкарыстоўваць, больш увагі надаваць санітарна-гігіенічнаму стану на фермах, вакол іх. З 1 студзеня 2011 года ўступае ў сілу новы тэхнічны рэгламент. У выпадку, калі ферма не будзе адпавядаць нейкім яго паказчыкам, малако на рэалізацыю ўвогуле не будзе прымацца.
Л.Іўеў