Ёй падуладны ток

 

  люба 004+       Што такое фаза, ноль, трансфарматар, праваднік Люба Лаўрысюк (на здымку) не проста ведае, яна добра разумее, якую функцыю яны адыгрываюць у электрычнасці.

Хутка будзе год, як ураджэнка Гарадка працуе ў аддзеле энергетыкі ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс». Пачынала вядучым спецыялістам, праз колькі часу ёй прапанавалі ўзначаліць гэту службу.

Люба ніколі не думала, што звяжа сваё жыццё з электрычнасцю. Так, яе заўсёды цікавіла, што хаваецца ўнутры вулічных шчытоў, якія стаяць пад напружаннем, яна спрабавала ўявіць як бяжыць ток па правадах і многае іншае. Усё выйшла само сабой. Пасля заканчэння дзявятага класа паступаць на электрыка ў Гарадоцкі аграрна-тэхнічнага каледж па спецыяльнасці «Энергазабеспячэнне сельскай гаспадаркі» Любу падштурхнула маці. Вучоба давалася лёгка. У спіску па размеркаванні Люба была першай. Аднак маладога спецыяліста з дыпломам тэхніка-электрыка ніхто не хацеў браць на працу. Люба нават уявіць сабе не магла, што так можа атрымацца. «У галаве доўга не ўкладвалася, чаму ў наш час пол спецыяліста адыгрывае галоўную ролю пры працаўладкаванні», — расказвае дзяўчына. Расстроеная, у той жа год, пасля заканчэння каледжа, падала дакументы і стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта.

Пасля таго  як дзяўчына атрымала спецыяльнасць інжынера-энергетыка, яе запрасілі на працу ў ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс». Хоць кіраўніцтва таварыства і згадзілася на гэта,  першае пытанне, з якім сустрэлі Любу, было: «Што рабіць тут бу­дзеш?»

Доўга не маглі прывыкнуць да інжынера-энергетыка мужчыны электраманцёры. Смяяліся, як толькі дзяўчына з’яўлялася на тэрыторыі, маўляў, ці бачыла ты калі-небудзь як лямпачкі закручваюць. Люба ніколі не скардзілася на іх. Яна з тых людзей, якія імкнуцца ўсё рабіць сумленна: вучыцца — дык на выдатна, працаваць — каб не чырванець потым за вынік.

У райаграсэрвісе — вялікая колькасць рознага электраабсталявання. Пераважную частку складаюць электрапрывады, электрычныя апараты і кам­плектныя ўстройствы для размеркавання і пераўтварэння электраэнергіі мэтавага назначэння: шафы, пульты для кіравання агрэгатамі, паточнымі лініямі, фермамі. Менавіта іх наладжваннем, рамонтам займаецца Люба і падначаленыя ёй электраманцёры.

«Мне падабаецца працаваць, — гаворыць дзяўчына. — Тым больш, што калегі заўсёды гатовы дапамагчы».

Памочнікаў у Любы шмат: вадзіцелі, а часам і простыя рабочыя,  то чамадан з інструментамі паднясуць да месца паломкі, а калі трэба — кабель дапамогуць працягнуць.

Муж Любы — Дзмітрый — не кінуў сваю другую палавінку адну на Сенненшчыне. Перабраўся з Брэсцкай вобласці да яе. І працу знайшоў у райцэнтры без праблем. Робіць інспектарам у РВЗУ «Энергазбыт».

Калі трэба пагля­дзець разетку, альбо высветліць, чаму прапала святло, Люба гэта робіць самастойна, не дапускае мужа. Спасылаецца на тое, што ў яе стаж вытворчы крыху большы.

Лаўрысюкам падабаецца на Сенненшчыне. Тут спакойна, лёгка дыхаецца, адзначае субяседніца. А галоўнае, у іх ёсць праца, якая задавальняе, добры заробак, таму пакуль сям’я плануе заставацца ў раёне.

 

Ала ЯКАЎЛЕВА.