23 марта у сенненских коммунальщиков и бытовиков профессиональный праздник — День работников жилищно-коммунального хозяйства и бытового обслуживания

14-03-2014 013Рабіць жыццё камфортным

Гаспадыню аднаго з лепшых комплексна-прыёмных пунктаў вобласці мы сустрэлі ў КУПБА «Прэстыж». Святлана Пуцеева ў свае 62 прыехала на ровары ў Багушэўск па працоўных патрэбах: здаць у рамонт абутак заказчыкаў, а заадно пацікавіцца, калі будуць гатовы іншыя заказы кліентаў яе КПП. 

У сферы бытавога абслугоўвання Святлана Мікалаеўна працуе з 2002 года. Дагэтуль не адзін дзясятак гадоў рупілася ў ПМК-43 бухгалтарам. На прадпрыемства ўраджэнка Ульянавіч уладкавалася адразу пасля заканчэння Аршанскага механіка-будаўнічага каледжа. Калі арганізацыю расфарміравалі, год адстаяла на біржы працы. На прапанову ўладкавацца на комплексна-прыёмны пункт у Цыпках жанчына згадзілася не задумваючыся.

Працуе Святлана Пуцеева адна. Але ж паслугі КПП разлічаны не толькі на жыхароў Цыпак. На яе абслугоўванні знаходзіцца звыш 10 населеных пунктаў. Да жыхара кожнага з іх трэба даехаць. У працоўным графіку прыёмшчыцы КПП ёсць так званы выязны дзень. Спецыяльна для аб’езду выдзяляецца машына.

Комплексна-прыёмны пункт аказвае ўсе сацыяльна значныя паслугі, агавораныя прэйскурантам. Вяскоўцы могуць на месцы зрабіць заказ на індывідуальны пашыў адзен­ня ці яго рамонт, на рамонт абутку, бытавой тэхнікі, тэлерадыёапаратуры, здаць рэчы ў хімчыстку, заказаць цырульніка. У комплексна-прыёмным пункце ёсць аддзел рытуальных паслуг. Акрамя таго, тут прапаноўваюцца швейныя вырабы ўласнай вытворчасці КУПБА «Прэстыж».

Па словах Святланы Пуцеевай, усе паслугі карыстаюцца попытам. Любяць зазірнуць да яе і пакупнікі. У КПП прадстаўлены шырокі асартымент прамысловых вырабаў і прадуктаў харчавання. Тавары каштуюць танней за магазінных.

Прыветлівая, камунікабельная, Святлана Мікалаеўна да кожнага наведвальніка ставіцца ўважліва і ветліва. Такія адносіны да працы і ёсць залог поспеху. Штомесяц Цыпкаўскі комплексна-прыёмны пункт выконвае па 2 планы.

Па выніках работы за 2013 год КПП у Цыпках у ліку лепшых у рэспубліцы.

Святлана Мікалаеўна, акрамя таго, з’яўляецца членам участковай камісіі і да гэтай грамадскай місіі яна адносіцца з не меншай адказнасцю, чым да сваёй непасрэднай працы.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: Святлана Пуцеева.

 

1Якасць яго крэда

Віктар Міхееў, электрагазазваршчык цэха кацельных і цеплавых сетак Сенненскага РУП ЖКГ, сёлета ўдастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны».

 Зваршчыкам Віктар Леанідавіч працуе ўжо 37 гадоў. А пачынаўся яго шлях у прафесію яшчэ ў школьную пару. Неяк на летніх канікулах у час практыкі хлопец дапамагаў калгаснаму зваршчыку. Тады і адчуў «смак» справы. Работа, якую даручаў настаўнік, атрымлівалася, і гэта акрыляла. Так і вызначыўся з выбарам будучай прафесіі. Пасля дзесяцігодкі скончыў курсы пры Віцебскім матора-рамонтным заводзе, атрымаў пасведчанне электрагазазваршчыка чацвёртага разраду. Пяты яму прысвоілі ў час тэрміновай службы ў арміі.

І дзе б ні працаваў потым Віктар Міхееў (на адным з абласных прадпрыемстваў, у сенненскіх ПМК-10 і аўтабазе №2), нараканняў на якасць яго работы не было.

«Імкнуся адразу ўсё рабіць як след, — гаворыць зваршчык шостага разраду.— Выпраўляць няякасна зробленую зварку, напрыклад, пры аварыі на цеплатрасе, — сабе ж даражэй. Слесарам прыходзілася б перакрываць засаўкі, каб зноў спусціць ваду. Губляўся б час, а жыльцы кватэр сядзелі б без вады і цяпла».

І за ўвесь час работы не прыпомніць Віктар Леанідавіч выпадку, калі б прыйшлося перарабляць зробленае. Надзейна трываюць нагрузку швы яго зваркі. Хаця работа электрагазазваршчыка нялёгкая: заўсёды напружаны зрок, стамляюцца ногі… Заўжды трэба быць гатовым выехаць на аварыйны аб’ект па тэрміновым выкліку, і не толькі ў райцэнтры, але і ў Багушэўску, Нямойце, Полымі.

Аднак не шкадуе Міхееў, што не выбраў больш лёгкую справу. Заработная плата задавальняе, адносіны ў калектыве таксама. Ды і кіраўніцтва не пакідае без увагі добрасумленную працу класнага спецыяліста. Двойчы партрэт Віктара Міхеева быў змешчаны на раённай Дошцы гонару, ён узнагароджаны шматлікімі Ганаровымі граматамі, атрымаў Падзячнае пісьмо намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі. За шматгадовую бездакорную працу Віктару Леанідавічу і прысвоена званне «Чалавек года».

Праз тры месяцы ён будзе мець права на «шкодную» пенсію. Аднак кіраўніцтва ЖКГ не хоча адпускаць такога майстра, кантракт з ім заключылі яшчэ на тры гады. Сёлетнім летам умелыя рукі прафесіянала вельмі спатрэбяцца пры замене цеплатрас на вуліцы Заводскай і тэрыторыі базы райаграсэрвісу.

Але некалі ўсё ж прыдзецца пайсці на заслужаны адпачынак. Таму Віктар Леанідавіч ужо цяпер унёс прапанову начальству знайсці маладога работніка, якога б ён мог навучыць прамудрасцям справы.

 Таццяна Буракова.

 На здымку: газаэлектразваршчык Сенненскага РУП ЖКГ Віктар Міхееў.